Беларусь - За Свабоду! Матэрыялы й вопыт негвалтоўнай барацьбы народаў з дыктатурай Жанна Літвіна: «Журналісты апынуліся на перадавой, як штрафная рота…» Мы разам, нас многа, за намі перамога!
Галоўная
Актыўнасьць грамадзян
Актыўнасьць грамадзян
Філасофія ненасільля
Філасофія ненасільля
Ведай свае правы
Ведай свае правы
Рознае
Рознае
Навіны Беларусі
Навіны Беларусі
Гасьцёўня
Гасьцёўня

Жанна Літвіна: «Журналісты апынуліся на перадавой, як штрафная рота…»

07.04.2008 12:44 - Крыніца: Хартыя'97

На наступны дзень пасля ператрусаў у офісах і кватэрах беларускіх незалежных журналістаў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ўзяла ўдзел ў міжнароднай канферэнцыі «Беларусь у Еўропе: эканамічнае супрацоўніцтва і палітычны дыялог», якая праходзіла ў Вене і на якую таксама былі запрошаныя прадстаўнікі афіцыйнага Менску.

Аднак ці магчымы нейкі “дыялог” пасля жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі на Дзень Волі - 25 сакавіка і масштабнага пераследу незалежных журналістаў з боку КДБ, што выявілася ў масавых ператрусах 27-28 сакавіка па ўсёй краіне. Пра гэта прэс-служба БАЖ гутарыць з Жаннай Літвіной.

- Ці прагучала на канференцыі тэма беларускіх СМІ і ў якім кантэксце?

- Асноўная ўвага на канферэнцыі, безумоўна, надавалася пытанням эканамічнага характару. Але адна з секцый была цалкам прысвечана праблемам грамадзянскай супольнасці Беларусі — працы няўрадавых арганізацый і прэсы. На жаль, паўнавартаснай дыскусіі, дыялогу адносна месца і ролі прэсы ў беларускім грамадстве не адбылося, але магчымасць выказаць свае меркаванні была.

У сваім выступе я падкрэсліла, што «дыялог» прадугледжвае найперш свабодны абмен думкамі — а гэта значыць, свабоду слова. І функцыю форуму павінныя ўзяць на сябе мас-медыя. Для таго, каб гэта адбылося, патрэбна выкананне шэрагу ўмоваў. Гэта найперш адмена альбо мараторый на самыя адыёзныя артыкулы Крымінальнага кодэксу — датычныя паклёпу, абразы прэзідэнта ці прадстаўніка ўлады, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Павінна быць знята забарона на друк і распаўсюд незалежнай грамадска-палітычнай прэсы, каб сфармаваўся цывілізаваны медыярынак. А звышзадача — гэта раздзяржаўленне і дэманапалізацыя дзяржаўнай прэсы.

- Ці абмяркоўваліся непасрэдна падзеі 25 і 27 сакавіка — затрыманні і ператрусы ў журналістаў?

- Тэма «аблавы» на незалежных журналістаў, безумоўна, прыцягнула ўвагу. Бадай, рэакцыю на яе можна вызначыць як здзіўленне — нават з боку прадстаўнікоў афіцыйнай беларускай дэлегацыі. Мне падалося, што ў нейкія моманты ў іх нават узнік сумнеў, што я кажу праўду. Такога сапраўды ніколі не было — нават у дачыненні да палітычнай апазіцыі. Адметна, што першымі, да каго такія жорсткія захады былі прымененыя, аказаліся журналісты…

І тады, і сёння мне падаецца, што мэтай гэтага разгрому было — нагнаць страху на журналістаў, перашкодзіць распаўсюду незалежнай інфармацыі. Некаторыя эксперты звязваюць гэта з набліжэннем выбараў у парламент. Але мне падаецца, што ідзе падрыхтоўка да нейкай больш значнай падзеі — магчыма, гэта звязана з правядзеннем рэферэндума ўвосень, з прыняццем Канстытуцыйнага акту, з рэгуляваннем узаемадачыненняў з Расіяй.

- Ад удзельнікаў міжнародных сустрэч даводзіцца чуць, што часам у пытаннях з залы, у асобных выступах прадстаўнікоў еўраструктур адчуваецца моцнае лоббі афіцыйнага Менска…

- Калі казаць аб’ектыўна, Еўропа сапраўды шукае шляхоў супрацоўніцтва. Раней абвяшчалася «пакрокавая стратэгія» развіцця дыялогу з Беларуссю, зараз абраная стратэгія з «12 прапаноў і патрабаванняў». Іншая справа, што ў большасці сваёй гэтыя спробы проста не прымаюцца афіцыйным Менскам. Улады не разумеюць, што не можа быць інтэграцыі ў Еўропу толькі па пытаннях супрацоўніцтва ў энергетычнай, транспартнай альбо нейкай іншай асобнай галіне. У еўрапейскай супольнасці ёсць прынцыповыя пазіцыі, звязаныя з сістэмай еўрапейскіх каштоўнасцяў. І ніякія эканамічныя інтарэсы іх не пераважаць.

Насамрэч, канферэнцыя ў Вене пачалася з таго, што эксперты адзначылі станоўчыя крокі Беларусі насустрач Еўропе: гэта згода афіцыйнага Менска на адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі Беларусі; вызваленне часткі палітзняволеных і г.д.

Аднак падзеі, якія адбыліся 25 і 27 сакавіка, у чарговы раз паказалі, што ўлада помслівая і няшчырая. У пэўныя моманты яна сабе дазваляе гульню ў дэмакратызацыю, але на самой справе праблемы, звязаныя з дэмакратыяй, у нас загнаныя вельмі глыбока — як застарэлая хвароба. І тут проста касметычнымі захадамі не абысціся.

- На затрыманні журналістаў і «рэйд спецслужбаў» адгукнулася рэкордная колькасць міжнародных структур, журналісцкіх і праваабарончых арганізацый. З заявамі пратэсту выступілі Еўрапарламент, Еўразвяз, АБСЕ, Дзярждэпартамент ЗША, Міжнародная федэрацыя журналістаў, Сусветная асацыяцыя газет (WAN), Камітэт па абароне журналістаў, «Amnesty International», «Рэпарцёры без межаў» і іншыя арганізацыі. Артыкулы на гэтую тэму з’явіліся бадай ва ўсіх буйных замежных выданнях. Ці можа розгалас "звонку" хоць неяк уплываць на сітуацыю ўнутры краіны?

- У першую чаргу на наш заклік аб дапамозе адгукнуліся партнёрскія журналісцкія арганізацыі. Гэта вельмі важна і прынцыпова для нас — адчуваць сябе часткай міжнароднай журналісцкай супольнасці...

Але міжнародная рэакцыя мае значэнне і для ўлады. Сёння яна ў глабальным маштабе паставіла задачу — стварыць станоўчы вобраз Беларусі як цывілізаванай дэмакратычнай краіны. Але атрымліваецца гэта пакуль даволі няўклюдна. Яскравым прыкладам з’яўляецца нават тая ж венская канферэнцыя. Магчыма, дзяржаўная прэса пазней падасць уласнае бачанне вынікаў той сустрэчы. Але бясспрэчна тое, што «трыюмфальнай справаздачы» ў Вене з афіцыйнага боку не атрымалася.

У мяне нават з’явілася думка: ці не наўмысна да падрыхтоўкі такога кшталту сустрэч прыцягваюць людзей не зусім дасведчаных у стасунках з еўрапейскімі структурамі — каб «замарозіць» гэты накірунак, утрымаўшы Беларусь у сферы палітычных і эканамічных інтарэсаў суседняй краіны — Расіі?

Але найбольш мяне непакоіць іншае. Незалежная беларуская журналістыка зараз апынулася на «перадавой», як штрафная рота. І ўлада дэманструе, што самае прыярытэтнае для яе пытанне — гэта кантроль за інфармацыяй. Пакуль яна ўладарыць над інфармацыяй, яна будзе ўпэўненая ў сваёй стабільнасці і ў тым, што яна трымае пад кантролем усё грамадства…

Навіна прадстаўленая інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Хартыя'97.

  Дадаць каментар

Імя: 
E-Mail: 
Каментар: 
Азначце код: 



8 студзеня 2009
« 2009 г.
« Студзень
ПнАўСрЧцПтСбНд
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 


Надвор'е Беларусь:

 


Рознае:

Экскаватор погрузчик Амкодор в москве.

Советы : французские потолки на нашем сайте.

Flingie.com - 100% free dating website, find and date local singles online.


Наша кнопка:



Сябры:

Малады Фронт - Нацыянальная ідэя, Хрысьціянскія прынцыпы

Рух «За Свабоду»


За свабоду!

 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Галоўная | Актыўнасьць грамадзян | Філясофія нягвалту | Ведай свае правы | Рознае карыснае | RSS Навіны Беларусі | Падтрымка | Гасьцёўня
Copyright © 2006-2008 Беларусь: свабода, незалежнасьць і дэмакратыя ў Беларусі. ICQ: 307902; E-mail: info[@]zasvobodu.net. RSS feeds

wwjd.ru: Христианская поисковая система. Каталог TUT.BY Rating All.BY . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .