аўтар Радыё Свабода
Наклад канфіскаванай учора газэты грамадзянскай кампаніі “Наш дом” застаецца ў міліцыі. Яго лёс будзе вырашаны праз 10 дзён. Пра гэта паведаміла Радыё Свабода кіраўніца кампаніі Вольга Карач.
50 тысяч асобнікаў газэты, якія перавозілі з Смаленску ў Віцебск актывісты кампаніі, былі канфіскаваныя ў аўторак супрацоўнікамі Віцебскага РУУС. Паводле
Вольгі Карач, пратаколы аб затрыманьні і канфіскацыі былі складзеныя з парушэньнямі заканадаўства і не адразу. На патрабаваньне Вольгі Карач яны былі перададзеныя ёй толькі праз некалькі гадзінаў. Пратаколу аб адміністратыўным парушэньні ўвогуле няма.
У паведамленьні для прэсы Вольга Карач сьцьвярджае, што загад аб канфіскацыі накладу аддаваў намесьнік начальніка Ўпраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму
Ўладзімер Папко.
Нагадаем, што ў аўторак таксама адбыўся ператрус у офісе сайту “Хартыі-97”, рэдакцыі “Народнай волі”, у кватэрах журналістак
Ірыны Халіп і
Марыны Коктыш, а таксама каардынатара “Хартыі-97”
Андрэя Саньнікава. Канфіскоўваліся кампутары. У часе ператрусу журналістку
Натальлю Радзіну ўдарыў міліцыянт.
Навіна прадстаўленая
інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Радыё Свабода.