Беларусь - За Свабоду! Матэрыялы й вопыт негвалтоўнай барацьбы народаў з дыктатурай “Узьняць морду ад карыта, і яна становіцца тварам” Мы разам, нас многа, за намі перамога!
Галоўная
Актыўнасьць грамадзян
Актыўнасьць грамадзян
Філасофія ненасільля
Філасофія ненасільля
Ведай свае правы
Ведай свае правы
Рознае
Рознае
Навіны Беларусі
Навіны Беларусі
Гасьцёўня
Гасьцёўня

“Узьняць морду ад карыта, і яна становіцца тварам”

10.04.2008 19:49 - Крыніца: Радыё Свабода

10.04.2008 19:07

Сёньня ў Гарадзенскім унівэрсытэтце пройдзе канфэрэнцыя, прысьвечаная юбілею Горадні. Арганізатары канфэрэнцыі выкрэсьлілі са сьпісу выступоўцаў гісторыкаў Алеся Смаленчука і Алеся Краўцэвіча. Яны – госьці "Начной Свабоды".


Караткевіч: Першае пытаньне: Горадня, Гародня ці Гродна?

Смалянчук: Ёсьць праблема тут... Апошнім часам я карыстаюся назвай Горадня, якою карысталіся ў міжваенны час дзеячы беларускага руху – гэта назва горада, які стаў сталіцай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Краўцэвіч: У нашым асяродку мясцовым склалася ўжо гадоў 20, што мы гаворым Гародня, яшчэ спасылаемся на клясыка Караткевіча, на барда Шалкевіча – “У Гародні дождж”. Калі будзе нармальная беларуская дзяржава і вернуцца назвы беларускіх гарадоў, Наваградак, Берасьце – тады будзем падпарадкоўвацца ўнармаванасьці, а цяпер мы яе творым.

Караткевіч: У вас ёсьць нейкі аўтарытэт у галіне сучаснай беларускай лінгвістыкі?

Краўцэвіч: Гэтыя прапановы, якія распрацавалі Вячорка, Саўка і таварыства – гэта вельмі цікавая рэч, але мы з Алесем выдаем гістарычны часопіс, мы не мовазнаўцы – мы чакаем, калі гэта ўсё пойдзе афіцыйна, па ўсёй краіне, а пакуль што мы ў сваім часопісе карыстаемся так званай "мяккай наркамаўкай". Часопіс "Гістарычны альманах" – часопіс навуковага гістарычнага таварыства. Алесь яшчэ рэдагуе ў Гародні бюлетэнь...

Караткевіч: А ў вас, Алесь Смалянчук?

Смалянчук: Аўтарытэта такога няма. А альманах, якія я выдаю – "Горад сьвятога Губэрта".

Караткевіч: Сп.Смалянчук, на чым павінен быў грунтавацца ваш выступ на канфэрэнцыі, якія былі ягоныя асноўныя пункты?

Смалянчук: Тэма майго рэфэрату – “Горадня на старонках "Нашай Нівы", 1906-1911”. Я хацеў проста паказаць, як "Наша Ніва" адлюстроўвала жыцьцё горада і якія працэсы там адбываліся.

Краўцэвіч: Тэма майго дакладу – гісторыя горадабудаўнічага разьвіцьця Гародні. Галоўная ідэя, што горад прайшоў у сваім разьвіцьці два этапы. Першы – гэта горад эпохі Кіеўскай Русі, спэцыфічная форма пляніроўкі, і потым, пасьля 14-га стагодзьдзя – эўрапейская пляніроўка з двума цэнтрамі – замкам, цэнтрам дзяржаўнай адміністрацыі, і плошчай з ратушай, цэнтрам мясцовага самакіраваньня. Гэта галоўная адметнасьць беларускіх гарадоў ад расейскіх, дзе не было самакіраваньня да 19-га стагодзьдзя.

Караткевіч: Хто арганізатары гэтай канфэрэнцыі і чаму іх не задаволіў менавіта ваш удзел?

Краўцэвіч: Гэтая канфэрэнцыя – адно з шэрагу мерапрыемстваў па сьвяткаваньні юбілею горада, які адзначаецца як 880-я гадавіна першай згадкі аб ім у летапісе. Арганізатары – Інстытут гісторыі Акадэміі навук, унівэрсытэт... пад ідэалягічным кантролем гарвыканкаму. Таму нас і выкінулі, што мы ня ўпісваемся ў схему паслухмяных гісторыкаў.

Караткевіч: Алесь Смалянчук, а чаму вы ня ўпісваецеся?

Смалянчук: Думаю, галоўную ролю адыграла наша актыўная пазыцыя ў абароне гістарычнага цэнтру Горадні. Таму што нашы тэмы не даюць падставы для нейкай палітычнай цэнзуры.

Караткевіч: Розгалас гэтая гісторыя набыла пасьля таго, як 12 беларускіх гісторыкаў вырашылі ў знак пратэсту байкатаваць гэтую канфэрэнцыю. Наколькі гэта можа паўплываць і ці сапраўды можна гаварыць пра пачатак нейкай салідарнасьці, калі ўжо ўзьнікае цэнзура ў справах, якія ня тычацца палітыкі?

Смалянчук: Сапраўды можна казаць пра такі пачатак. 12 чалавек заявілі пра байкот адкрыта. Каля 20 чалавек сказалі, што проста ня прыйдуць, але не сказалі адкрыта, бо проста баяцца далейшых наступстваў. У Беларусі гэта даволі рэдкі выпадак карпаратыўнай салідарнасьці між людзьмі, тут вельмі моцна ўсе падзелены заўсёды... А тут – не пабаяліся, і вельмі прыемна, што шмат гарадзенцаў сярод тых, хто назваў сваё прозьвішча і заявіў што ў знак салідарнасьці ня прыйдзе на паседжаньне канфэрэнцыі, і шмат гарадзенцаў – гэта ў асноўным тыя людзі, якія якраз працуюць на гістарычным факультэце.

Для мяне пазыцыя гісторыкаў-калег вельмі зразумелая і вельмі прыемная. Там ня ўсе нашы блізкія сябры ці блізкія калегі, тут размова не ідзе пра тое, каб падтрымаць Смаленчука і Краўцэвіча – гэта такі карпаратыўны пратэст супраць умяшальніцтва палітычнай цэнзуры, і на нашым месцы маглі быць і іншыя людзі, і гэта прыемна, што нашы калегі асуджаюць тую палітыку, якая працягваецца ў краіне.

Караткевіч: Дзеля якой непрагматычнай мэты вы маглі б адмовіцца ад прагматычнай?

Краўцэвіч: У гэтым і заключаецца чалавечнасьць – узьняць морду ад карыта, і гэтая морда становіцца тварам. Алесь і я шмат рэчаў робім задарма, выдаем часопіс задарма, пішам кніжкі задарма для Беларусі. Я гатовы шмат ад чаго адмовіцца, каб беларуская мова загучала па ўсёй краіне... Пра гэта думаецца – я можа думаю больш пра матэрыяльнае, чым Алесь... Але ўся прафэсійная праца ў Беларусі ідзе на грамадзкіх пачатках працэнтаў можа на 80-90...

Караткевіч: Я часта пытаюся, што дрэннага было зроблена сёньняшнім беларускім кіраўніцтвам адносна мовы, архітэктуры, падручнікаў... Я хацела б задаваць вам іншае пытаньне – што ў сучаснай беларускай гісторыі станоўчае для нацыі? Алесь Краўцэвіч.

Краўцэвіч: Мне здаецца, станоўчае цяжка знайсьці... Галоўнае, што існуе дзяржава беларуская, як наш калега зь Беластоку Алег Латышонак кажа: мы галоўнае зрабілі, выканалі праграму ХІХ стагодзьдзя, праграму-максымум любой нацыі – стварылі дзяржаву. Засталося толькі гэтую дзяржаву напоўніць нармальным сэнсам.

Некаторыя моманты, зробленыя цяперашнімі ўладамі, таксама нельга цалкам адкідаць – адносна неблагія дарогі, адмененыя некаторыя сацыялістычныя льготы (я не пра ўсе кажу) – шмат чарнавой работы зрабіла Лукашэнкава каманда, і калі прыйдзе іншая каманда, гэта будзе лягчэй ісьці далей.

Смалянчук: Я згодны таксама з тым, што галоўнае дасягненьне – гэта тое, што ёсьць дзяржава, якую трэба яшчэ зрабіць беларускай і дэмакратычнай дзяржавай. Тая пазыцыя, якую сёньня займае “Малады фронт”, мне цалкам зразумелая – гэта станоўчы момант выхаваньня нейкай новай нацыі, людзей, якія прыйдуць на зьмену старэйшаму пакаленьню.

Караткевіч: І на разьвітаньне вельмі коратка – нейкія вашы рэплікі адносна канфэрэнцыі, якія вам ня ўдасца сказаць у часе паседжаньня...

Смалянчук: Мне апошнім часам непрыемна назіраць, як адбываецца проста дэградацыя Гарадзенскага ўнівэрсытэту, як ён проста ператвараецца ў нейкі пададдзел аддзелу ідэалёгіі гарвыканкаму. Сумна гэта назіраць, крыўдна назіраць, таму што патэнцыял ёсьць, але, на жаль, гэты патэнцыял усё больш і больш прадстаўляюць дасьледчыкі старэйшага пакаленьня... З маладзейшых цікавыя працы звычайна пішуць тыя, хто не працуе на гістарычным факультэце.

Краўцэвіч: У мяне такое пачуцьцё гонару за сваіх калегаў, якія праявілі салідарнасьць – гэта нармальнае пачуцьцё салідарнасьці чалавека і навукоўца. Я хачу ім падзякаваць за гэты крок.  

Навіна прадстаўленая інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Радыё Свабода.

  Дадаць каментар

Імя: 
E-Mail: 
Каментар: 
Азначце код: 



8 студзеня 2009
« 2009 г.
« Студзень
ПнАўСрЧцПтСбНд
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 


Надвор'е Беларусь:

 


Рознае:

Экскаватор погрузчик Амкодор в москве.

Визитки офсет московская типография гознака, офсетная типография книги.

Flingie.com - 100% free dating website, find and date local singles online.


Наша кнопка:



Сябры:

Малады Фронт - Нацыянальная ідэя, Хрысьціянскія прынцыпы

Рух «За Свабоду»


За свабоду!

 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Галоўная | Актыўнасьць грамадзян | Філясофія нягвалту | Ведай свае правы | Рознае карыснае | RSS Навіны Беларусі | Падтрымка | Гасьцёўня
Copyright © 2006-2008 Беларусь: свабода, незалежнасьць і дэмакратыя ў Беларусі. ICQ: 307902; E-mail: info[@]zasvobodu.net. RSS feeds

wwjd.ru: Христианская поисковая система. Каталог TUT.BY Rating All.BY . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .