Беларусь - За Свабоду! Матэрыялы й вопыт негвалтоўнай барацьбы народаў з дыктатурай Расея і расейская мова ў праграмах беларускіх палітычных партый Мы разам, нас многа, за намі перамога!
Галоўная
Актыўнасьць грамадзян
Актыўнасьць грамадзян
Філасофія ненасільля
Філасофія ненасільля
Ведай свае правы
Ведай свае правы
Рознае
Рознае
Навіны Беларусі
Навіны Беларусі
Гасьцёўня
Гасьцёўня

Расея і расейская мова ў праграмах беларускіх палітычных партый

15.03.2010 17:00 - Крыніца: Радыё Свабода

аўтар  Радыё Свабода

Артыкул Аляксандра Аўрукевіча з такой назвай быў апублікаваны днямі на інтэрнэт-рэсурсе фонду “Русское единство». Прааналізаваўшы праграмы палітычных партый Беларусі, аўтар прыходзіць да высновы, што ніводная зь іх – ані апазыцыйная, ані праўладная - “не зьяўляецца прарасейскай паводле сваёй ідэалёгіі або устаноўках у дакладным сэнсе гэтага слова”.


“Найбольш актыўныя палітычныя партыі і іх лідэры дастаткова ясна паказалі, што галоўнай мэтай іх зьнешняй палітыкі ў выпадку прыходу да ўлады зьяўляецца ўваходжаньне ў склад Эўразьвязу, выхад са сфэры ўплыву Расеі і зьмяншэньне ролі расейскай мовы” – адзначае А.Аўрукевіч. Паводле яго праўрадавыя партыі “імкнуцца ня столькі да ўзьяднаньня з Расеяй, колькі вылучаюць праекты па рэстаўрацыі СССР. Гэта ператварае і без таго няпэўныя фармулёўкі аб інтэграцыі з усходнім суседам у палітычныя утопіі. Утапічнасьць выяўляецца яшчэ і ў тым, што ўсе гэтыя партыі зыходзяць з ідэі непахіснасьці беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту”, Аляксандар Аўрукевіч.


На сёньняшні дзень у Беларусі афіцыйна зарэгістравана 15 палітычных партый, якія можна ўмоўна падзяліць на апазыцыйныя і праўладныя. Яны малалікія (у сярэднім у складзе партыі ня больш за 1500 сяброў) і практычна не прадстаўленыя ў парлямэнце. У палітычным жыцьці краіны найбольш заўважныя апазыцыйныя палітычныя партыі, лідэры і актывісты якіх прымаюць сталы ўдзел у рознага роду пратэстных акцыях супраць палітыкі прэзыдэнта А.Лукашэнкі. Менавіта з асяродзьдзя апазыцыйных партыяў вылучаюцца канкурэнты для барацьбы за вышэйшы пост кіраўніка дзяржавы. Напрыклад на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года галоўнымі апанэнтамі А.Лукашэнкі апынуліся А.Мілінкевіч, якога актыўна падтрымлівала Партыя БНФ, і А.Казулін, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Калі апазыцыйныя партыі ўвесь час імкнуцца заявіць пра сябе, а іх лідэры спрабуюць прэтэндаваць на ролю публічных палітыкаў і галоўных апанэнтаў дзейнаму прэзыдэнту, то праўладныя партыі фактычна адсутнічаюць у палітычным жыцьці краіны. Як правіла, шараговы грамадзянін проста ня ведае аб іх існаваньні. Аднак, нягледзячы на тое, што ў беларускай палітычнай сыстэме партыі пакуль гуляюць вельмі сьціплую ролю, іх не варта скідаць з рахункаў. Справа ў тым, што партыйныя ідэолягі, з аднаго боку, фармулююць палітычныя праекты і ідэі, якія адлюстроўваюць уяўленьні, распаўсюджаныя сярод палітычна актыўнай часткі насельніцтва краіны, а з другога актыўна накідаюць свае погляды і ўстаноўкі выбаршчыкам з дапамогай друкаваных і электронных СМІ. У сувязі з гэтым уяўляе цікавасьць пытаньне аб тым, якое месца ў партыйных праграмах займае Расея і расейская мова.

Найбольш ўплывовымі сярод палітычных партый Беларусі на дадзены момант зьяўляюцца шэсьць апазыцыйных партый: партыя БНФ, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» і Аб'яднаная грамадзянская партыя.

Праграма Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ адзначае, што зьнешняя палітыка Беларусі павінна быць накіравана на супрацоўніцтва з ЭЗ і на выхад са сфэры ўплыву Расеі. У цэлым зьнешняя палітыка Масквы ацэньваецца вельмі нэгатыўна, паколькі яна, на думку партыйных ідэолягаў, пагражае сувэрэнітэту Беларусі. Паводле іх меркаваньня у складзе Эўразьвязу краіна будзе гарантавана абароненая ад агрэсіі як з боку Польшчы, так і з боку Расеі. У якасьці эфэктыўнага сродку адстойваньня нацыянальных інтарэсаў вылучаецца ідэя Балта-Чарнаморскай садружнасьці Беларусі, Літвы і Украіны.

Характэрна, што такая зьнешняя палітыка дыстанцыяваньня ад Расеі абумоўліваецца прыналежнасьцю Беларусі да прасторы заходнеэўрапейскай культуры. Акрамя таго, уся беларуская гісторыя з канца XVIII ст. у складзе Расейскай імпэрыі і СССР расцэньваецца як «расейская акупацыя», якая нібыта суправаджалася генацыдам і асыміляцыяй беларусаў. Партыя не забыла адзначыць, што ў складзе Расейскай Фэдэрацыі знаходзяцца беларускія этнічныя зямлі, але адмовілася выстаўляць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да яе, прызнаючы існуючыя мяжы. Адной з задачаў зьнешняй палітыкі называецца барацьба за захаваньне культурных правоў беларускай этнічнай меншасьці за мяжой. Адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі павінна быць беларуская, прычым катэгарычна асуджаецца двухмоўе.

Галоўнай мэтай зьнешняй палітыкі Беларусі, на думку ідэолягаў іншай партыі -- Партыі БНФ, павінна быць уступленьне краіны ў склад Эўрапейскага Зьвязу, што дазволіць эфэктыўна супрацьстаяць тэрарыстычным і іншым пагрозам нацыянальнай бясьпекі, такое ўступленьне адпавядае беларускай культуры і гісторыі. Расея выключаная з ліку галоўных партнэраў Беларусі, затое ў гэты пералік патрапілі Літва, Латвія, Польшча і Украіна. Такі падбор не выпадковы, бо, згодна з праграмай партыі, усе гэтыя краіны складаюць адносна адзіны культурны і эканамічны рэгіён. Дадзенае зьнешнепалітычнае аб'яднаньне дазволіць зьвязаць у адзінае цэлае Балтыйскі рэгіён Эўразьвязу і блёку ГУАМ. Што тычыцца стасункаў з Расеяй, то ў праграме выказваецца патрабаваньне адмены пагадненьня аб стварэньні саюзнай дзяржавы, правядзеньня дэмаркацыі беларуска-расейскай мяжы і ўстанаўленьня памежнага рэжыму. Партыя лічыць неабходным дамагацца падпісаньня міжнароднай дамовы з Расеяй, у якой было б зафіксаванае прызнаньне ёй факту ўваходжаньня Беларусі ў склад ЭЗ. У галіне моўнай палітыкі партыя адназначна выступае за наданьне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы, а расейскай адводзіцца месца мовы нацыянальнай меншасьці.

Станіслаў ШушкевічУ праграме партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, лідэрам якой зьяўляецца адзін з аўтараў Белавескіх пагадненьняў і першы кіраўнік беларускай дзяржавы С.Шушкевіч, у якасьці галоўнага зьнешнепалітычнага прыярытэту краіны абвяшчаецца нэўтралітэт.


Аднак гэта не перашкаджае абвясьціць курс на памяншэньне залежнасьці ад Расеі як у эканамічнай, так і ў палітычнай галіне шляхам уступленьня ў Эўразьвяз. Акрамя таго, Беларусі прапануецца ўмацаваць Балта-Чарнаморскі саюз.



Праграма Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якую ўзначальвае А.Лябедзька, таксама вызначае асноўнай стратэгічнай мэтай зьнешняй палітыкі ўступленьне ў Эўразьвяз. Аднак, у адрозьненьні ад праграм папярэдніх партый, ўказваецца на неабходнасьць актыўнага разьвіцьця міжнароднага гандлю і эканамічнага супрацоўніцтва ня толькі з дзяржавамі-сябрамі ЭЗ, але і з Расеяй. Адмыслова адзначаецца, што Масква зьяўляецца стратэгічным партнэрам Менску. Аднак гэты тэзіс не азначае якога-небудзь цеснага збліжэньня, які выходзіць за межы прагматычнага супрацоўніцтва. Нягледзячы на тое, што праграмныя дакумэнты партыі апублікаваныя на расейскай мове, пашырэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы вызначаецца як прыярытэт ў культурнай палітыцы. Партыя абыходзіць маўчаньнем пытаньне аб дзяржаўным дзьвюхмоўі ў Беларусі, што прымушае задумацца аб пэрспэктывах рускай як дзяржаўнай мовы.

Анатоль ЛяўковічБеларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) на чале з А.Ляўковічам лічыць, што ў сваёй зьнешняй палітыцы краіна павінна імкнуцца да ўваходжаньня ў склад Эўразьвязу і садзейнічаць ўступленьні ў ЭЗ Расеі, Украіны і Малдовы.

У адносінах з РФ Беларусь павінна прытрымлівацца прынцыпу раўнапраўнага стратэгічнага партнэрства. У сваёй праграме партыя імкнулася абысьці пытаньне аб дзяржаўным статусе расейскай мовы. Разам з тым паказальна, што беларускай мове, на думку аўтараў праграмы, варта адводзіць асаблівае месца як мове, якая генеруе беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць.



У праграме Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» (лідэр С.Калякін) адзначаецца, з аднаго боку, неабходнасьць нармалізацыі дыпляматычных стасункаў з замежнымі дзяржавамі. Зь іншага боку, сьцьвярджаецца неабходнасьць працягу інтэграцыі з Расеяй і Украінай і нават дапускаецца магчымасьць стварэньня Саюзнай дзяржавы. Аднак безумоўна абвяшчаецца ідэя дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі.

Такім чынам, большасьць апазыцыйных партый альбо выступаюць за паслабленьне палітычнай сувязі з Расеяй шляхам ўступленьня ў ЭЗ, фармаваньне шчыльнага палітычнага і эканамічнага саюзу з дзяржавамі Балтыі, Польшчай і Ўкраінай на падставе агульнасьці іх інтарэсаў і культурнай блізкасьці, альбо падкрэсьліваюць карысьць ад супрацоўніцтва з Расеяй, але пры захаваньні незалежнасьці. Частка партый адназначна выступае за пазбаўленьне расейскай мовы статусу дзяржаўнай, іншыя, замоўчваючы пытаньне аб лёсе і юрыдычным статусе расейскай мовы, аддаюць прыярытэт беларускай як сымбалю беларускай нацыянальнасьці.

Лібэральна-дэмакратычная партыя і Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды займаюць месца паміж непрымірымай апазыцыяй і адкрыта праўладнымі партыямі. Да гэтай групы можна аднесьці яшчэ Беларускую партыю зялёных, але апошняя ў сваёй праграме наогул не стала закранаць замежнапалітычную праблематыку.

Сяргей ГайдукевічУ праграме Лібэральна-дэмакратычнай партыі, чый партыйны лідэр С.Гайдукевіч рэгулярна прымае ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, сьцьвярджаецца, што ў выбары саюзьнікаў Беларусь павінна кіравацца прагматычнымі нацыянальнымі інтарэсамі. Прыярытэт у міжнародных адносінах варта аддаваць сумежнымі краінамі, прычым Расейская Фэдэрацыя спэцыяльна не выдзяляецца са сьпісу, які ўключае таксама Польшчу, Украіну, Літву і Латвію. Разам з тым складальнікамі партыйнай праграмы прапаноўваецца «ўраўнаважыць» усходні і заходні сэктары зьнешняй палітыкі краіны. У гэтых мэтах раіцца актывізаваць супрацоўніцтва краіны з дзяржавамі-сябрамі ЭЗ, міжнароднымі арганізацыямі (АБСЭ) і прымаць удзел у эўраінтэграцыйных працэсах. Як і ў многіх партыйных праграмах, пытаньне аб расейскай мове замоўчваецца, але патрабуецца дзяржаўнае стымуляваньне разьвіцьця беларускай мовы і беларускамоўнай літаратуры.

Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды выбудоўвае, на першы погляд, больш прывабную для Расеі замежнапалітычную канцэпцыю. Так, падкрэсьліваецца неабходнасьць раўнапраўных адносін з Расеяй, патрабуецца выкананьне Закона аб мовах Рэспублікі Беларусь, які, як вядома, захоўвае статус рускай як дзяржаўнай. Разам з тым самым галоўным лічыцца рэалізацыя канцэпцыі «Беларусь -- мост Усход-Захад», што прадугледжвае, па-першае, выбудоўваньне роўных адносін як з Расеяй, так і з іншымі краінамі рэгіёну, а па-другое, непахіснасьць незалежнасьці Беларусі.

Сярод партый, якія безумоўна падтрымліваюць палітыку ўладаў, можна назваць Беларускую аграрную партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці (РППС), Беларускую патрыятычную партыю (БПП), Камуністычную партыю, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю (БС-СП) і Рэспубліканскую партыю.

Якой-небудзь распрацаванай канцэпцыі зьнешняй палітыкі Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці не прадставіла грамадзкасьці да гэтага часу. У яе праграме толькі ўказваецца на неабходнасьць стварэньня раўнапраўнага саюза "з Расеяй і іншымі краінамі, заснаванага на свабодным перамяшчэньні тавараў, капіталаў і рабочай сілы пры ўвядзеньні адзінай міждзяржаўнай валюты і разьлікова-крэдытнага мэханізму».

Камуністычная партыя Беларусі таксама не дае разгорнутай канцэпцыі зьнешняй палітыкі. Аднак асноўнай зьнешнепалітычнай мэтай абвяшчаецца ўмацаваньне нацыянальнай бясьпекі краіны шляхам разьвіцьця беларуска-расейскай Саюзнай дзяржавы і паэтапнага аднаўленьня на добраахвотнай аснове абноўленага Саюза савецкіх народаў, умацаваньня яго палітычнай незалежнасьці і эканамічнай самастойнасьці.

Па параўнаньні з РППС і КПБ праграма Беларускай патрыятычнай партыі значна больш увагі надае праблемам зьнешняй палітыкі. Больш за тое, партыя выступае за ануляваньне пагадненьня ад 8 сьнежня 1991 году і ліквідацыю яго наступстваў, не ўсьведамляючы, што ўзьнікненьне незалежнай Беларусі і зьяўляецца наступствам стварэньня СНД. У якасьці практычнага кроку ў гэтым напрамку прапануецца заключыць ваенны, эканамічны і палітычны саюз Беларусі, Украіны і Расеі, а ў пэрспэктыве варта дамагацца «адзінай дзяржаўнасьці ўсіх народаў, якія пражываюць на тэрыторыі былога СССР». Варта адзначыць, што партыя дэкляруе «правядзеньне міралюбівай зьнешняй палітыкі».

У праграме Беларускай сацыяльна-спартовай партыі рэкамэндуецца выкарыстоўваць геапалітычнае становішча краіны, выбудоўваць раўнапраўныя адносіны з астатнімі дзяржавамі, прычым у першую чаргу з сумежнымі краінамі.

Рэспубліканская партыя
ў сваёй праграме абмежавалася толькі туманным пажаданьнем разьвіваць добрасуседзкія адносіны з сумежнымі краінамі, зыходзячы з дзяржаўных інтарэсаў краіны.

Такім чынам, праўладныя партыі часта не маюць дакладнай канцэпцыі зьнешняй палітыкі, але ў большасьці выпадкаў адзначаюць неабходнасьць шчыльных стасункаў з Расеяй, выказваюць прыхільнасьць інтэграцыйным працэсам на прасторы былога СССР і стварэньні Саюзнай дзяржавы. Разам з тым партыі, якія выступаюць за інтэграцыю, імкнуцца не столькі да ўзьяднаньня з Расеяй, колькі вылучаюць праекты па рэстаўрацыі СССР. Гэта ператварае і без таго няпэўныя фармулёўкі аб інтэграцыі з усходнім суседам у палітычныя ўтопіі. Утапічнасьць выяўляецца яшчэ і ў тым, што ўсе гэтыя партыі сыходзяць з ідэі непахіснасьці беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту. Яны, як правіла, не згадваюць пытаньне аб статусе расейскай мовы ў Беларусі, што найбольш верагодна зьвязана з прызнаньнем вынікаў рэфэрэндуму аб дзьвюхмоўі 1995 года.

Такім чынам, ніводная зь дзеючых у Беларусі палітычных партый не зьяўляецца прарасейскай паводле сваёй ідэалёгіі або устаноўках у дакладным сэнсе гэтага слова. Найбольш актыўныя палітычныя партыі і іх лідэры дастаткова ясна паказалі, што галоўнай мэтай іх зьнешняй палітыкі ў выпадку прыходу да ўлады зьяўляецца ўваходжаньне ў склад Эўразьвязу, выхад са сфэры ўплыву Расеі, зьмяншэньне ролі расейскай мовы. Адзінае, што дапускаюць некаторыя з апазыцыйных палітычных партый, дык гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Расеяй у галіне міжнароднага гандлю.

Навіна прадстаўленая інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Радыё Свабода.

  Дадаць каментар

Імя: 
E-Mail: 
Каментар: 
Азначце код: 



9 лютага 2012
« 2012 г.
« Люты
ПнАўСрЧцПтСбНд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
272829    


Рознае:

Для вас open air фотосессия в Минске. Оставьте качественные фото на память о лете!

Щитовые дома, канадские каркасные дома в Москве. Производство и строительство современных каркасных домов.


Наша кнопка:



 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Галоўная | Актыўнасьць грамадзян | Філясофія нягвалту | Ведай свае правы | Рознае карыснае | RSS Навіны Беларусі | Падтрымка | Гасьцёўня
Copyright © 2006-2009 Беларусь: свабода, незалежнасьць і дэмакратыя ў Беларусі. ICQ: 307902; E-mail: info[@]zasvobodu.net. RSS feeds

wwjd.ru: Христианская поисковая система. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .