25.03.2008 10:39
Сёньня ў Менску павінна адбыцца несанкцыянаваная акцыя, прымеркаваная да 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Сачыце за абнаўленьнямі.
11:35Магілёў. Дваіх моладзевых актывістаў — Аляксандра Анісімава і ягонага сябра, прозьвішча якога невядомае, — затрымалі, калі яны зьбіраліся разгарнуць расьцяжку зь віншаваньнямі да Дня Волі.
Міліцыянты затрымалі хлопцаў на чыгуначным мосьце, што па-над вуліцай Першамайскай, непадалёк ад чыгуначнага вакзалу.
Даведацца пра падрабязнасьці затрыманьня пакуль не ўдалося. Тэлефон Аляксандра Анісімава не адказвае.
11:25Бабруйск. Актывістка руху “За свабоднае прадпрымальніцтва” Алена Мядзьведзева атрымала позву ў Бабруйскую міжраённую ўправу Камітэту дзяржбясьпекі. У позву пазначана, што яна павінна зьявіцца ў КДБ сёньня а палове на шостую.
Паводле Мядзьведзевай, ўчора ёй патэлефанавалі й спрабавалі высьветліць, ці паедзе яна 25 сакавіка ў Менск. Неўзабаве пасьля тэлефанаваньня да яе прыйшоў участковы, які схіляў яе падпісаць афіцыйнае папярэджаньне пра ня ўдзел у несанкцыянаваных публічных акцыях. Дакумэнт яна не падпісала.
11:20Асіповічы. На мясцовым вакзале супрацоўнікі транспартнай міліцыі затрымалі грамадзкага актывіста Ігара Сімбірова. Ён зьбіраўся ехаць у Менск.
Паводле актывіста, міліцыянты запатрабавалі на праверку ягоныя дакумэнты, а потым загадалі прайсьці ў пастарунак вакзалу. У пастарунку міліцыянты правялі надгляд асабістых рэчаў, у якіх не знайшлі крамолы.
У тэлефоннай гутарцы Ігар Сімбіроў паведаміў “Свабодзе”, што участковы Аляксандар Зіноўенка суправадзіў яго дамоў.
11:15 Суд Кастрычніцкага раёну Горадні аштрафаваў сябра АГП Зьмітра Бандарэнку на тры базавыя велічыні (105 тысяч рублёў). Судзьдзя Тацяна Гергель прызнала спадара Бандарэнку вінаватым у брыдкаслоўі.
Яго затрымалі ўчора на аўтавакзале.
Таксама сёньня на пяць базавых велічынь аштрафаваны лідэр абласной арганізацыі АГП Юры Істомін.
Юры Істомін заявіў, што супраць яго і Зьмітра Бандарэнкі ўчынена правакацыя. Мэта — перашкодзіць выезду актывістаў на Дзень Волі ў Менск.
11:00 Віцебск. Барыс Хамайда і Алена Залеская трапілі ў Чыгуначны РАУС за тое, што выйшлі ў цэнтар гораду зь бел-чырвона-белымі шалікамі. Антаніну Піванос затрымалі з уласнаручна вышытай на ручніку ў нацыянальных колерах малітвай “Ойча наш”.
Незалежнаму журналісту Вадзіму Баршчэўскаму, які фатаграфаваў затрыманьне, міліцыянты загадалі таксама паехаць у пастарунак.
Паводле кіраўніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Чыгуначнага раёну Андрэя Шастова, Залеская, Піванос і Хамайда абвінавачваюцца ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі.
У Вадзіма Баршчэўскага ў міліцыі таксама маюць узяць тлумачэньні.
Вадзім Баршчэўскі паведаміў, што ў Кастрычніцкім РАУСе цяпер бяруць тлумачэньні і ў Эльвіры Сафіулінай, якая здымала акцыю для калекцыі хатняга відэа.
10:55 Ад самай раніцы ля дому мастака Алеся Пушкіна ў мястэчку Бобр Крупскага раёну дзяжурыць міліцэйская аўтамашына. Тут знаходзяцца намесьнік начальніка крымінальнага вышуку Крупскага РАУС падпалкоўнік Андрэй Рабовіч, опэрупаўнаважаны Валеры Костачка, старшы лейтэнант Андрэй Бярозка і яшчэ два міліцыянты.
“Яны ўжо заходзілі ў хату, пагражалі даставіць мяне ў райадзьдзел, але я ім заявіў: “Калі будзеце выкарыстоўваць сілу, то мяне давядзецца выносіць. Гэта пабачаць мае дзеці і, паверце, яны ніколі не даруюць такую зьнявагу", – расказвае Алесь Пушкін.
Раней Алесь Пушкін абяцаў зладзіць пэрформанс на Дзень Волі 25 сакавіка.
10:40Магілёў. Актывіст незарэгістраванага руху “Рушэньне” Валадар Цурпанаў вывесіў на гаўбец два сьцягі: бел-чырвона-белы ды афіцыйны дзяржаўны.
Паводле Валадара Цурпанава, да яго ў кватэру пасьля гэтага ўварваліся чацьвёра міліцыянтаў на чале з падпалкоўнікам. Першае, што яны зрабілі, гэта зьдзерлі з гаўбца абодва сьцягі.
“Калі сьцягі зь гаўбца былі сарваныя, сяржант паказаў падпалкоўніку бел-чырвона-белы сьцяг на сьцяне. Падпалкоўнік загадаў зьдзерці і яго. Усе тры сьцягі міліцыянты скамячылі й забралі з сабою. На разьвітаньне міліцыянты прыстрашылі мяне, што прыйдуць яшчэ раз, калі я вывешу сьцягі паўторна”, -- зазначыў “Свабодзе” Валадар Цурпанаў.
Сьцягі правіселі на бальконе каля чатырох гадзінаў.
10:30 Праваабаронцы зь Берасьця Раман Кісьляк і Ўладзімер Вялічкін паведамляюць пра затрыманьне грамадзкіх актывістаў, якія накіроўваюцца ў Менск.
Уладзімер Вялічкін кажа, што першай затрымалі аўтамашыну Дзяніса Турчанюка ля Кобрына на аўтамагістралі Берасьце-Менск. Міліцыянты заявілі, што такі самы легкавік нібыта знаходзіцца ва ўгоне і трэба спраўдзіць нумары рухавіка і кузава.
Міхаіла Ільіна і Андрэя Шарэнду, якія былі разам зь Дзянісам Турчанюком, міліцыянты, праверыўшы дакумэнты, адпусьцілі. Але пасьля тэлефанаваньня свайму начальству ўчынілі за юнакамі пагоню і затрымалі іх.
Паводле Рамана Кісьляка, а 9-й гадзіне ў Берасьці міліцыянты затрымалі аўтамабіль грамадзкага актывіста Канстанціна Балагура. У 10.30 яго яшчэ ўтрымлівалі ў РАУС Ленінскага раёну Берасьця.
“Міліцыянты правяраюць аўтамабіль і дапытваюць затрыманага", – удакладніў Раман Кісьляк.
10:00 Кіраўніка гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юрыя Істоміна ў першай палове дня павінны даставіць у суд. Істоміна затрымалі ўчора ўвечары.
Пра гэта паведаміў праваабаронца Віктар Сазонаў.
9:45 Аляксея Марачкіна арыштавалі на 5 сутак.
Кіраўніка суполкі “Пагоня” затрымалі 24 сакавіка позьнім вечарам. У ягонай майстэрні зрабілі ператрус. Міліцыянты сканфіскавалі плякаты, сьцягі, расьцяжкі, прысьвечаныя сьвяткаваньню Дня Волі 25 сакавіка.
Паводле міліцыянтаў, мастак нібыта стаяў 24 сакавіка ў 22.00 на ганку будынку міліцыі Цэнтральнага раёну і нецэнзурна лаяўся.
Да суду Аляксея Марачкіна адвезьлі ў турму на вуліцу Акрэсьціна.
Навіна прадстаўленая
інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Радыё Свабода.