аўтар Радыё Свабода
Хто зь дзяржаўных кіраўнікоў прыбудзе на сьвяткаваньні ў Вільню?
Пакуль свой удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 20-х угодкаў аднаўленьня незалежнасьці Літвы пацьвердзілі – прэзыдэнт Латвіі
Валдзіс Затлерс, Эстоніі -
Тоомас Хендрык Ільвэс, Польшчы –
Лех Качыньскі, Фінляндыі –
Тар’я Каарын Халанэн, Славеніі -
Даніла Цюрк.
У Вільню таксама прыбудуць часовы выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Малдовы Міхай Гімну, сьпікер парлямэнту Грузіі Давід Бакрадзэ, кіраўнік рыксдагу Швэцыі
Пэр Вэстэрбэрг.
Паводле літоўскіх СМІ, вельмі верагодна, што ў сьвяткаваньняў будзе ўдзельнічаць і новаабраны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч. Аднак, пакуль ён не пацьвердзіў, што прыбудзе ў Вільню.
8 сакавіка ў Літве чакаюць, што афіцыйны Менск адкажа на запрашэньне, якое прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце даслала Аляксандру Лукашэнку. Літоўскія дыпляматы ўжо перадалі Лукашэнку гэтае запрашэньне.
На сьвяткаваньне таксама запрасілі і прэзыдэнта Расеі
Дзьмітрыя Мядзьведзева. Ён, аднак, паведаміў, што ня зможа прыбыць у Вільню ў сувязі з удзелам у іншых мерапрыемствах.
Запрашэньні Мядзьведзева і Лукашэнкі на Дзень незалежнасьці Літвы выклікалі крытыку з боку некаторых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў.
Як падаюць на урачыстасьці, прымеркаваныя да 20-х угодкаў аднаўленьня незалежнасьці Літвы, большасьць з запрошаных замежных дэлегацыяў прыбудуць 10 сакавіка. На вечар гэтага дня ў Вільні заплянаваныя першыя сьвяточныя мерапрыемствы.
Асноўныя ўрачыстасьці адбудуцца 11 сакавіка.
Навіна прадстаўленая
інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Радыё Свабода.