аўтар Ігар Карней
Аляксандар Лукашэнка працягвае знаёмства з Паўднёвай Амэрыкай. На 22 сакавіка прызначаная ягоная сустрэча з вышэйшым кіраўніцтвам Бразыліі, а вынікам афіцыйнага візыту ў Вэнэсуэлу сталі некалькі дзясяткаў міждзяржаўных пагадненьняў у самых розных галінах — ад паставак нафты да будаўніцтва жыльля. Наш карэспандэнт затэлефанаваў аднаму зь беларускіх праектоўнікаў, які займаецца распрацоўкай будучай інфраструктуры вэнэсуэльскага гораду Маракай. Якія ў яго ўражаньні ад тандэму двух харызматычных лідэраў — Уга Чавэса і Аляксандра Лукашэнкі? Ці можна разьлічваць на шчыльную інтэграцыю геаграфічна аддаленых тэрыторый? Прапануем гутарку з архітэктарам Уладзімерам Паўлавым. — Так атрымалася, што візыт, заплянаваны сюды, фактычна быў сарваны. Я маю на ўвазе канкрэтна візыт Чавэса і Лукашэнкі ў Маракай. Задоўга рыхтавалася сур’ёзная размова зь вялікім паказальным матэрыялам, прычым, ня толькі па маракайскай пляцоўцы, а ў цэлым па ўсіх праектах вэнэсуэльскіх — іх тут пяць. Папярэдні аб’ём працы быў вялізны!.
— Дык чаму не атрымалася размова на гэтую тэму?— Ну так, фактычна не атрымалася. Прычым, па прычынах, не залежных ад візытэраў. Быў падрыхтаваны вялікі паказальны матэрыял: выстаўленыя экспазыцыі, шатры настаўленыя, шмат людзей вельмі доўга да гэтага рыхтаваліся, ахова працавала цэлую раніцу. Бо заяўлены дзяржаўны візыт быў які? Маўляў, адбудзецца сур’ёзная размова, справаздача Чавэсу і Лукашэнку па ўсіх праектах, па ўсім комплексе супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Вэнэсуэлы. Але ўсё было сарвана, «дзякуючы» даволі сьмешнай акалічнасьці — папулярнасьці камандантэ Чавэса. Калі картэж праяжджаў скрозь браму будоўлі, натоўп ірвануў за машынамі, фактычна паламаўшы ўсю сэк’юрыці. Ну і Лукашэнку з Чавэсам нічога не засталося, як хуценька закінуць свае тры шуфлі ў падмурак і зьехаць. Усе прамовы, сьпічы, адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку, пасадка дрэваў, агляд экспазыцый, размовы па інвэстыцыйных праектах, вывучэньне і аналіз будаўніцтва таго, што прапануецца ў самім Маракаі — усё было папросту сарванае. Прыскакалі — і гэтак жа хуценька адскакалі. У гэтым сэнсе, канечне, расчараваньне, бо шмат людзей да гэтага сур’ёзна рыхтаваліся, а ў выніку атрымаўся пшык. У Менску — «казакі», шчыты, аўтобусы з амонам. А тут маладыя хлопчыкі, апранутыя хутчэй ў рэпрэзэнтатыўную форму, без аніякіх камуфляжаў, з жывымі тварамі.
— Увогуле як выглядаў, трымаўся Лукашэнка на тле вось такой папулярнасьці Чавэса?— Шчыра кажучы, прыемна было бачыць Аляксандра Рыгоравіча менавіта такім, як ён тут выглядаў. Таму што гэта было відовішча абсалютна іншае, як яго прызвычаіліся ўспрымаць у Беларусі. Я апошнім раз яго такім бачыў, можа, у годзе 1992-м. Чалавек шчыра радаваўся, быў адкрытым, не было звыклай маскі на твары. У гэтым сэнсе мы тут убачылі іншага Лукашэнку. Каб ён у такім выглядзе прысутнічаў і ў Беларусі, то, думаю, аб’ектыўна толькі падвысіў бы свой рэйтынг.
— То бок, у прынцыпе ён сябе там адчуваў у сваёй талерцы? Прынамсі камфортна?— Хутчэй наадварот — ён тут не адчуваў сябе гаспадаром, ён адчуваў сябе проста чалавекам. Убачылі гэткага жывога, вясковага дзядзьку. І ў гэтым сэнсе ён мне спадабаўся, бо ўбачылі жывога чалавека замест лялькі, манэкена. Але тое, што не заплянавалася па працы, натуральна, расчаравала.
— А як на Лукашэнку рэагавалі мясцовыя людзі? Яны яго з вэнэсуэльскай прапаганды ўвогуле ведаюць?— Ведаюць збольшага, бо гульня ў палітыку тут відавочная. Але ўся гэтая мясцовая экзотыка як была местачковай, так і засталася. І яны рэагавалі ніяк не на Лукашэнку, а на свайго любімага героя Чавэса. Таму зь ім мог быць Лукашэнка, а мог быць бразілец Лула — ды хто заўгодна. Але рэагавалі на свайго прэзыдэнта, якога любяць і якому вераць. Дарэчы сказаць, іх не было так ужо і шмат. Гэта была групка чалавек можа максымум 200-300. Але які кантраст, калі гэта адбываецца пры падобных мерапрыемствах у Менску — «казакі», шчыты, аўтобусы з амонам. А тут маладыя хлопчыкі, апранутыя хутчэй ў рэпрэзэнтатыўную форму, без аніякіх камуфляжаў, з жывымі тварамі. Ня ведаю, як гэта адклалася ў падкорку прэзыдэнта РБ, але для яго відаць, таксама было адкрыцьцём. Задумаўся, як ён сябе паводзіць у Менску ў адпаведных сытуацыях ці не, але тут яно ўсё было іначай.
— Фронт працаў у вас сапраўды значны? Бо, калі верыць публікацыям у дзяржаўных СМІ, мясцовыя не ў вялікім жывуць камфорце… — Я б не сказаў, што ўзровень пражываньня ў Вэнэсуэле горшы за ўзровень пражываньня ў Беларусі. Іншая рэчы, што тут проста клімат расслабляе. Калі б сюды беларусаў закінуць замест вэнэсуэльцаў, тут бы адразу і соткі разаралі, і бульбу пасадзілі б, і парсюкоў бы гадавалі. Калі б сюды беларусаў закінуць замест вэнэсуэльцаў, тут бы адразу і соткі разаралі, і бульбу пасадзілі б, і парсюкоў бы гадавалі.Усё было б інакш. Краіна фактычна вечнага лета, парадайз. Кол уваткнуць у зямлю, паліць яго, і ён 4-6 разоў на сэзон будзе плён прыносіць. Тым больш, для таго, каб нешта заінвэставаць, купіць, абсалютна ня трэба набываць зямлю, афармляць нейкія дазволы. Займай тэрыторыі колькі хочаш, будуй, і ніхто ня мае права ў цябе гэта адабраць. Але існуе нейкая расслабленасьць — верагодна, чыста паўднёвая. А ўвогуле краіна казачная, печ паліць ня трэба. Гэта ў нашым клімаце як мінімум 25-30, а то і 40% рэсурсаў людзі назапашваюць, каб зіму перажыць — уцяпліцца і абагрэцца. І ежа каб была адпаведная — ня тое, што тут. У вэнэсуэльцаў у гэтым сэнсе ніякіх стрэсаў. І людзей, мажліва, гэта расслабляе. Замест таго, каб працаваць, нечым займацца, яны больш сканцэнтраваныя на тое, каб проста пражыць жыцьцё без турботаў. Можа быць гэта і занадта рэзкія вызначэньні, але насамрэч кідаецца ў вочы.
— Беларуская прысутнасьць наколькі ў Вэнэсуэле адчуваецца? Столькі акрэсьлена плянаў, трэба ж некаму выконваць?— Ды не, я б не сказаў, што беларусаў тут шмат. Па кантракце ў нас, можа, толькі 10% замежнага кантынгенту, а ўся рэшта, 90% — гэта мясцовыя людзі.
— А што тычыцца шматлікіх пагадненьняў? Яны, як кажуць, ня «ліпавыя»? То бок, сапраўды будуць і аб’ёмы, і сумесныя праекты?— Увогуле, цяжка сказаць, таму што мэнэджмэнт тут, па вялікім рахунку, знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Тое, што прылятаюць зь Беларусі ў якасьці візытэраў Лукашэнка з падначаленымі, сустракаюцца з Чавэсам — гэта адна сытуацыя. А тое, што на месцы адбываецца, як гэта робіцца — гэта зусім іншая рэч. Але мясцовых людзей гэта досыць мала хвалюе. Яны разважаюць па-сацыялістычнаму: дайце нам хутчэй і за бясплатна.
— Як па ўласных адчуваньнях: заакіянская камандзіроўка яшчэ надоўга?— Прынамсі, канца гэтаму не відаць. Шчыра кажучы, адбываецца ўсё неяк нягегла і па-саўковаму. Усё, канечне, магло быць іначай — неяк больш мабільна, больш апэратыўна. Ну але ёсьць так, як ёсьць. І хоць Лукашэнку нібыта ўсё спадабалася — ён прынамсі так выказваўся, усё тут хваліў, — але я так разумею, што вышэйшыя чыноўнікі папросту ня ведаюць, што насамрэч адбываецца, якая тут сапраўдная сытуацыя з усім гэтым плянаваньнем.
Навіна прадстаўленая
інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Радыё Свабода.