Актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Андрусь Кашэўскі пратэстуе супраць свайго арышту.
У сувязі з гэтым апазіцыянер, які адбывае адміністрацыйны арышт, абвесціў галадоўку.
Андрусь Кашэўскі быў затрыманы ўвечары 3 сакавіка ў Менскам метрапалітэне. Яго даставілі ў суд Ленінскага раёна, дзе прысудзілі да 15 суткаў адміністрацыйнага арышту нібыта за дробнае хуліганства, паведамляе . Зараз актывіст знаходзіцца ў турме на Акрэсціна.
Кашэўскі займаўся распаўсюдам недзяржаўнай газеты «Народная воля», аднак падчас затрымання газетаў пры сабе ў яго не было.
Актывіст меў намер балатавацца ў гарадскі савет Жодзіна (Смалявіцкі раён, Менская вобласць). Аднак з-за адміністрацыйнага арышту ён не зможа своечасова здаць подпісы грамадзянаў за вылучэнне яго кандыдатам у дэпутаты.
Навіна прадстаўленая
інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Хартыя'97.