аўтар Радыё Свабода
Такая зьмена адбылася зь месцам Беларусі ў сусьветным рэйтынгу гандляроў зброяй у 2008–2009 гадах.
Гэта вынікае зь сёлетняй справаздачы .
Паводле справаздачы інстытуту, Беларусь летась экспартавала зброі менш чым на 500 тысяч даляраў. Лідэрам рэйтынгу зьяўляюцца Злучаныя Штаты, чый збройны экспарт склаў у 2009 годзе 6 мільярдаў 795 мільёны даляраў, на другім месцы – Расея, якая прадала зброі на 4 мільярды 469 мільёнаў даляраў. З суседзяў Беларусі значныя месцы ў рэйтынгу экспартэраў зброі летась займалі Ўкраіна (214 мільёнаў – 14 месца) і Польшча (93 мільёны – 19 месца).
Дадзеныя SIPRI камэнтуе вайсковы аглядальнік газэты "Беларусы і рынак"
Аляксандар Алесін:
“На мой погляд, справа ў састарэлай мэтодыцы, якую ўжывае SIPRI, якая не ўлічвае сучасныя рэаліі – разьвіцьцё ваеннай электронікі і праграмнага забесьпячэньня. Зараз Беларусь усё больш ператвараецца з экспартэра старых савецкіх узбраеньняў у пастаўніка высокатэхналягічных (часам падвойнага прызначэньня) прадуктаў электронікі і праграмных прадуктаў. Найперш гэта тычыцца сыстэм радыёэлектроннай барацьбы, радыёэлектроннай выведкі, аўтаматызаваных сыстэм кіраваньня зброяй і войскамі: гэта СПА, аўтаматызаваныя сыстэмы авіяцыйнага кіраваньня, гэта абароненыя сродкі сувязі. А ў мэтодыцы SIPRI ўлік такіх тэхналёгій не прадугледжаны: яны ўлічваюць стралковую зброю, гарматы, танкі, браніраваныя машыны. Усё гэта Беларусь ужо не пастаўляе.
Тое, што ў нас засталося ад СССР, ужо састарэла, на міжнародным рынку ня мае попыту, да таго ж гэтыя арсэналы ўжо збольшага вычарпаныя.
Некалькі гадоў таму Віктар Шэйман паведаміў, што заключаны кантракт з Вэнэсуэлай на пастаўку ваенных і падвойнага прызначэньня тэхналёгіяў: гэта найперш сродкі СПА, бартавыя сыстэмы стварэньня перашкодаў сыстэмам СПА і навядзеньня ракетаў праціўніка. Паводле Шэймана сума кантракту каля 1 мільярда даляраў. Гэта цэны сусьветнага рынку на зброю такога тыпу.
Беларусь прадае такое абсталяваньне і ў Кітай, і ў Індыю, і ў шэраг арабскіх краін. Мяркую, што дадзены SIPRI па Беларусі ня тое што далёкія, а вельмі далёкія ад рэальнасьці”.
Навіна прадстаўленая
інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Радыё Свабода.