28.08.2008 17:47
Госьць “Начной Свабоды” – дырэктар грузінскай службы Радыё Свабода Давід Какабадзэ.
Соўсь: Расія прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.Як у Грузіі цяпер успрымаюць гэта? Накольк адзінадушнае грузінскае грамадзтва ў ацэнцы дзеяньняў Расеі.
Какабадзэ: Гэтае рашэньне ў Грузіі, я думаю, асуджаюць адсоткаў 95 жыхароў. Прычым асуджаюць рашуча -- па-іншаму і быць ня можа.
Соўсь: Сёньня наведнікі нашага сайту задавалі пытаньне дырэктару грузінскай свабоды Давіду Какабадзэ. Вось адно зь іх ад Вячаслава з Менску: «Як ставяцца да прызнаньня Расеяй Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі расейцы, беларусы, украінцы, якія стала жывуць у Грузіі?”
Какабадзэ: Мне цяжка казаць пра ўсіх, але мяркуючы па званках, якія раздаюцца ў нашым бюро ў Тбілісі, па лістах, якія мы атрымліваем, -- яны абсалютна падзяляюць меркаваньне большасьці. І перад пачаткам эфіру мы атрымалі смс з Эстафоні, гэта горад у Заходняй Грузіі, ад пэдагогаў рускай школы. І яны якраз выказваюць зьдзіўленьне рашэньнем Крамля.
Соўсь: Скажыце, калі ласка, наколькі складанай была праца нашых калегаў –журналістаў у зоне канфлікту? Ці не было праблемаў з функцыцянаваньнем сайту грузінскай службы Радыё Свабода?
Какабадзэ: Што датычна вэб-сайту, дык ніякіх праблемаў не было. Але на грузінскія сайты ажыцьцяўлялася вельмі моцная кібэр-атака, і вельмі шмат сайтаў інфармацыйных і ўрадавых не працавала. Зараз становішча крыху выправілася. Што да сайту грузінскай Свабоды, дык удалося запазьбегчы праблем. Адносна журналістаў -- канешне, ім цяжка было працаваць у гэтыя дні, асабліва ў дні ўзброенага канфлікту, ды і зараз нялёгка, таму што перасоўваньне не зусім свабоднае, асабліва ў Гарыйскім раёне, дзе некаторыя населеныя пункты ўсё яшчэ кантралююцца расейскімі войскамі. Але ў нас ёсьць свае карэспандэнты практычна ва ўсіх рэгіёнах Грузіі, і мы цяпер даем ім больш часу ў эфіры, чым звычайна. Карэспандэнт ёсьць у Горы, у Поці, дзе ўсё яшчэ знаходзяцца расейскія вайскоўцы. Адтуль мы кожны дзень маем рэпартажы.
Соўсь: Дадам, што калі пачаўся грузінска-расейскі канфлікт, на большасьці расейскіх сайтаў пасьля кожнага артыкулу, прысьвечанага гэтай тэме, былі зьмешчаныя рэкамэндацыі, як можна ажыцьцявіць кібер-атакі на грузінскіх ўрадавыя сайты. А зараз я хацела б прапанаваць госьцю Начной Свабоды дырэктару грузінскай службы Давіду Какабадзэ паслухаць апытаньне на вуліцах Горадні. Людзі кажуць пра тое, якія высновы павінна зрабіць Беларусь з расейска-грузінскага канфлікту? (гучыць апытаньне).
Какабадзэ: Па-першае, было вельмі цікава слухаць -- нагэтулькі шмат меркаваньняў за дзьве хвіліны было выказана. Камэнтаваць цяжка, бо кожнае меркаваньне не пракамэнтуеш. Калі ў цэлым, дык Беларусі, напэўна, рана альбо позна давядзецца прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Абхазіі і Асэтыі, калі ўлічваць той ціск, які Масква будзе рабіць на Менск. Гэта не цяжка спрагназаваць. Тым больш, нядаўна амбасадар Расеі ў Беларусі заявіў, што Масква чакае ад Менску адпаведных крокаў. З другога боку, Беларусь знаходзіцца ў няпростых адносінах з Эўропай, і Эўропе гэта не павінна спадабацца. Словам, Менску будзе цяжка.
Соўсь: На гэты момант пакуль ніводная дзяржава не прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ўсьлед за Расеяй. Хаця Масква і выказвала такія пажаданьні, прынамсі ў дачыненьні Беларусі. Чаго чакаюць палітычныя эліты Грузіі ад Беларусі?
Какабадзэ: Я думаю, што эліта ня будзе зьдзіўленая, калі Беларусь на гэты крок пойдзе. Яна будзе прыемна зьдзіўленая, калі гэтага не адбудзецца.
Соусь: А цяпер прапаную паслухаць адно з тэлефанаваньняў на Свабоду.
Спадарыня Галіна, Магілёў: “Ну што, Расея? Загнаў ваш тандэм Пуцін-Мядзьведзеў цябе ў бутэльку, і цяпер будзеш доўга сядзець у ёй, у палітычнай ізаляцыі. Выклікаўшы агонь на сябе, прэзыдэнт Грузіі паскорыў уступленьне ў НАТО і, магчыма, у Эўразьвяз. Дый Захад ня кіне ў бядзе, дапаможа падняць эканоміку. Прыйдзе час, калі і абхазы, і асэтыны пашкадуюць, што памянялі Грузію на Расею”.
Какабадзэ: Вельмі цікавая думка Галіны з Магілеву. Я думаю, што прэзыдэнту Саакашвілі ўдалося зрабіць яшчэ адно -- яму ўдалося аб'яднаць, як ніколі за апошнія годы, Эўропу. У панядзелак у Брусэлі павінен быць саміт ЭЗ, дзе будзе разглядацца сытуацыя вакол канфлікту расейска-грузінскага. Там, мне падаецца, будзе асуджаная Расея за свае дзеяньні і адбудзецца тое, чаго мы ня бачылі даўно. Эўропа -- і так званая "новая" Эўропа, і "старая", -- яны будуць у адзін голас (нехта больш, нехта меней, але ў адзін голас) асуджаць дзеяньні Расеі. І вось гэта, мне здаецца, таксама дасягненьне цяперашняга ўраду Грузіі, да якога, хачу дадаць, мы крытычна ставімся, і вельмі часта крытыкуем за тыя грахі, якіх нямала.
Соўсь:Наколькі маштабная цяпер расейская ваенная прысутнасьць у Грузіі? Якая рэакцыя жыхароў Грузіі на расейскіх вайскоўцаў і іх тэхніку на іх зямлі?
Какабадзэ: Людзі, канешне, засмучаныя. Мне здаецца, што тая фаза, калі людзі баяліся - яна ўжо ў мінулым. Хаця вось у Поці, гэтым партовым горадзе, там усё ж гэтая напружанасьць адчуваецца, і яна адчуваецца ў рэпартажах нашай карэспандэнткі, якая кожны дзень перадае адтуль рэпартажы. Там сёньня меўся быць уваход амэрыканскага вайсковага карабля з гуманітарнай дапамогай, і якраз гэта паційцаў вельмі насьцярожвала, і яны ўздыхнулі з палёгкай, калі даведаліся, што ў апошні момант карабель накіравалі ў Батумі. І нашыя слухачы казалі, што вельмі добра, што ўдалося пазьбегнуць правакацыяў. Бо расейскія войскі ў Поці стаяць і нават рыюць акопы.
Соўсь: А зараз – пытаньні наведнікаў нашага вэб-сайту. “Ці прызнае Грузія незалежнасьць Чачні?” – пытаецца Віктар з Віцебску.
Какабадзэ: Такія прапановы ўжо зьяўляюцца, у тым ліку і некаторымі чачэнскімі дзеячамі. Афіцыйнага адказу пакуль няма, і мне цяжка меркаваць, ці будзе гэтае пытаньне афіцыйна абмяркоўвацца ўрадам Грузіі.
Соўсь: Пытаецца Антон з Глыбокага:
“Ці была магчымасьць у Грузіі недапусьціць такога кроку Расеі (прызнаньне незалежнасьці дзьвюх рэспублік)? Можа, у гэтым промах грузінскіх палітыкаў?”
Какабадзэ: Такой магчымасьці прадухіліць гэты крок Масквы, мне здаецца, у Грузіі не было.
Соўсь: Наступнае пытаньне даслала Вольга. “Расейскія СМІ, расказваючы аб падзеях вакол Паўдзённай Асэтыі і Абхазіі ўвесь час кажуць пра выбар народаў гэтых рэспублік. Раскажыце аб кіраўніках Паўдзённай Асэтыі, Абхазіі - якія яны рабілі палітычныя заявы на працягу апошніх гадоў, як яны выказваліся адносна замежнай палітыкі Расеі? Ці наагул карэктна тут казаць аб выбары народу - ці былі нейкія рэфэрэндумы, ці вядомыя нейкія сацыялягічныя дасьледаваньні і апытаньні? Ці слушна тут казаць менавіта аб правераным выбары народу? Дзякуй вялікі.
Какабадзэ: Рэфэрэндумы былі. Мне здаецца, у Абхазіі яны нават два разы адбываліся. Уся справа ў тым, што гэтыя рэфэрэндумы праводзяцца без удзелу тых уцекачоў, якія былі выгнаныя ў выніку войнаў пачатку 1990-ых гг.. Напрыклад, з адной Абхазіі выйшла 250 тысяч грузінскіх уцекачоў. Бяз іх бессэнсоўна праводзіць рэфэрэндумы. А ўжо калі гэтыя ўцекачы вярнуцца ў свае дамы (я спадзяюся), вось тады можна будзе правесьці рэфэрэндумы пад міжнародным наглядам, і ўжо па выніках гэтых рэфэрэндумаў меркаваць пра будучыню гэтых рэгіёнаў.
Навіна прадстаўленая
інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Радыё Свабода.