Беларусь - За Свабоду! Матэрыялы й вопыт негвалтоўнай барацьбы народаў з дыктатурай Цяжарнасьць Мы разам, нас многа, за намі перамога!
Галоўная
Актыўнасьць грамадзян
Актыўнасьць грамадзян
Філасофія ненасільля
Філасофія ненасільля
Ведай свае правы
Ведай свае правы
Рознае
Рознае
Навіны Беларусі
Навіны Беларусі
Гасьцёўня
Гасьцёўня

Цяжарнасьць

12.03.2010 15:36 - Крыніца: Радыё Свабода

аўтар Альгерд Бахарэвіч

Калі нядаўнія цяжарныя, а сёньня гордыя і бледныя мамачкі зьбіраюцца разам, іхныя размовы часта нагадваюць успаміны дэмабілізаваных. “Ты ў якім раддоме нараджала?” гучыць як “У якім палку служыла?”; яны абмяркоўваюць перанесеныя турботы, строгасьць камандзіраў, беднасьць рацыёну, начныя пад’ёмы па трывозе, яны са смакам пералічваюць тое, ад чаго ім давялося адмовіцца пасьля прызыву, і перавагі жыцьця на “гражданцы”.

Яны і праўда героі, кожная зь іх, і цяжка вызначыць, да якога роду войскаў іх аднесьці: іхная служба была “і апасна, і трудна”, і, пачынаючы недзе з чацьвертага месяца ўсё больш і больш “відна”. Я назіраў сярод іх нават нейкае падабенства “дзедаўшчыны”, дакладней, “бабаўшчыны”: калі саракагадовыя з пагардаю глядзяць на дваццацігадовых з агромністымі жыватамі і стараюцца непрыкметна штурхнуць іх у натоўпе – у мэтро ці на людных сходах ГУМа. Але большасьць любіць цяжарных, усьміхаецца ім і саступае месца перад канцавой станцыяй – ім, гэтым навабранцам у вайне чалавецтва за сваё існаваньне. Дзеці глядзяць на іх, шырока расплюшчыўшы вочы, анёлы сьпяваюць ім зь нябёсаў, і нават грузчыкі мацюгаюцца цішэй. Цяжарнасьць – рэдкі выпадак у жыцьці чалавека, калі доўг і шчасьце супадаюць.

Цяжарнасьць стаіць на першым месцы ў маім прыватным рэйтынгу цудаў, на шмат пунктаў апераджаючы “вай-фай”, набокаўскую прозу і гарачыя булачкі. Цяжарнасьць уражвае мяне як нешта бясконца містычнае і неспазнавальнае.

Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918
Калі мая жонка была цяжарная, мы, як і большасьць параў у нашым становішчы, езьдзілі, прыхапіўшы чакалядку, каньяк і чыстую відэакасэту, у загадкавы Цэнтр прэнатальнае дыягностыкі, дзе жонцы рабілі так званае “узі”, ультрагукавое дасьледаваньне. На чорна-белым экране манітора мы пабачылі нашую дачку, якая яшчэ не нарадзілася, але ўжо была Ульлянай Бахарэвіч. Большасьць любіць цяжарных.Суворая доктарка, узяўшы каньяк і чакалядку, запісала на касэту некалькіхвілінны фільм, сюжэт якога складаўся з жэстыкуляцыі вышэйпамянёнай Ульляны – нагамі і рукамі. “Дзяўчынка,” – тыцнула доктарка асадкаю ў манітор. А яшчэ раней мы атрымалі на “узі” здымак, на якім, у правым куце, была відаць чорная кропка – тая самая Ульляна ва ўзросьце некалькіх тыдняў… З малой, амаль незаўважнай кропкі Ульляна вырасла ў доўгі, мэтар дваццаць ростам, хударлявы пяцігадовы пытальнік – хто ведае, кім яна стане, у якой краіне будзе жыць і што думаць пра нас, яе бацькоў? Цуд і ў тым, што дачка цяпер можа паглядзець, як яна жыла да свайго афіцыйнага нараджэньня, убачыць тое, што яшчэ нядаўна ня мог ніводзін чалавек у сьвеце.

І хіба ня цуд тое, што зусім няма пэўнасьці: хто стане вынікам адной звычайнай цяжарнасьці – геній, злодзей, пасрэднасьць, іншаплянэтнік ці проста “нехта з Порлака”? Знакаміты верш Віславы Шымборскай пра немаўля Гітлера вельмі добра перадае гэты стан сьвятога няведаньня бацькоў, бо хто іх, небаракаў, папракне…

Цяжарнасьць – прыватны цуд, прыватнае шчасьце, але не заўжды прыватная справа. Асабліва калі вядзецца пра цяжарнасьці каралеваў і іншых першых лэдзі. Шчасьлівыя заканчэньні некаторых цяжарнасьцяў у сусьветнай гісторыі прыводзілі да чалавечых ахвяраў, палітычных інтрыгаў, перадзелу тэрыторыяў, зьмены ладу, пераваротаў, рэвалюцый і іншых катаклізмаў. Да кровапралітных войнаў – то бок да сотняў тысячаў нечых няспраўджаных цяжарнасьцяў. Нараджэньне і лямант нейкага немаўляці блакітнай крыві станавілася, па волі бацькоў, нацыянальным сьвятам для людзей, якія тое немаўля ніколі ня бачылі і пабачыць не маглі. Цяжарнасьць – прыватны цуд.Зрэшты, людзі рэдка пратэставалі, наадварот: бадай, кожны радаваўся так шчыра, нібы сам прычыніўся да нараджэньня прынца, мужчыны з простага народу адчувалі сваю віртуальную далучанасьць да ложка Яе Вялікасьці, што ўжо само па сабе непагана, а жанчыны цешыліся, нібы самі тое дзіця вынасілі і нарадзілі. Жанчынам шанцавала болей – зь іх бралі карміліцаў для спадчыньніка, мужчынам заставалася толькі паміраць за чужога малога. Цікава, што рэдка калі народ адчуваў да прынца непрыязнасьць ці нянавісьць, нават калі бацька быў тыран – зь цяжарнасьцю каралевы зьвязвалася надзея на перамены…

Пабла Пікаса, "Мацярынства", 1905
Усё сьвядомае жыцьцё хрысьціянскага сьвету можна зьмясьціць паміж дзьвюма цяжарнасьцямі – відаць, самымі знакамітымі і дзіўнымі цяжарнасьцямі ў гісторыі. Маецца на ўвазе цяжарнасьць Дзевы Марыі і нядаўняя цяжарнасьць аднаго амэрыканскага мужыка, які пры больш уважлівым разглядзе аказаўся ўсё ж не зусім чыстым у сэнсе полу. Спачуваю тым, хто ня здольны на цяжарнасьць.У першым выпадку мы атрымалі Збаўцу. У другім – таксама пазбаўленьне, ад некаторых ілюзій адносна мэтаў сучаснае навукі. Пэўны час чалавек носіць замест вопраткі ўласную маці, пісаў Юрась Барысевіч. Цяпер дадамо: ці ўласнага тату.

У абодвух вышэйзгаданых выпадках, аднак, цяжарнасьць стала магчымай дзякуючы экстракарпаральнаму апладненьню. І ў абодвух выпадках цяжарныя не маглі паскардзіцца на недахоп увагі: ні з боку мэдыяў, ні з боку прагрэсіўнага чалавецтва, ні з боку рэлігійных фундамэнталістаў. Толькі Езус нарадзіўся ў экалягічна чыстай стайні, а другое дзіця – у задушлівым і забруджаным сьвеце постіндустрыйнай эпохі.

Я спачуваю тым, хто з той ці іншай прычыны ня здольны на цяжарнасьць. Пакуль ня здольны – сучасная навука дае ім шанец, дый ва ўсіх свая гадзіна Ц – магчыма, яна проста яшчэ не надышла. Але пагарду, шкадаваньне і недаўменьне выклікаюць у мяне тыя, хто сьвядома адмаўляецца мець дзяцей – дзеля хімэрнае кар’еры ці, што яшчэ страшней, з-за дурной ідэі. Яны, гэтыя “чайлд фры”, пазбаўляюць сябе многага з таго, што ім наогул можа даць небагаты на гасьцінцы сьвет: напрыклад, таямнічых сэйсьмічных штуршкоў на жываце, найпрыемнейшых мараў, найпрыгажэйшых у сваёй бессэнсоўнасьці здагадак, найшчасьлівейшай бяссоньніцы; далучанасьці да цуду, да Працягу, які заўжды Будзе.

Навіна прадстаўленая інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Радыё Свабода.

  Дадаць каментар

Імя: 
E-Mail: 
Каментар: 
Азначце код: 



5 лютага 2012
« 2012 г.
« Люты
ПнАўСрЧцПтСбНд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
272829    


Рознае:

Для вас open air фотосессия в Минске. Оставьте качественные фото на память о лете!

Щитовые дома, канадские каркасные дома в Москве. Производство и строительство современных каркасных домов.


Наша кнопка:



 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Галоўная | Актыўнасьць грамадзян | Філясофія нягвалту | Ведай свае правы | Рознае карыснае | RSS Навіны Беларусі | Падтрымка | Гасьцёўня
Copyright © 2006-2009 Беларусь: свабода, незалежнасьць і дэмакратыя ў Беларусі. ICQ: 307902; E-mail: info[@]zasvobodu.net. RSS feeds

wwjd.ru: Христианская поисковая система. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .