Беларусь - За Свабоду! Матэрыялы й вопыт негвалтоўнай барацьбы народаў з дыктатурай Цэны ў рэстарацыях і кавярнях адпусьцяць на волю Мы разам, нас многа, за намі перамога!
Галоўная
Актыўнасьць грамадзян
Актыўнасьць грамадзян
Філасофія ненасільля
Філасофія ненасільля
Ведай свае правы
Ведай свае правы
Рознае
Рознае
Навіны Беларусі
Навіны Беларусі
Гасьцёўня
Гасьцёўня

Цэны ў рэстарацыях і кавярнях адпусьцяць на волю

11.03.2010 23:00 - Крыніца: Радыё Свабода

аўтар Іна Студзінская

Згодна з указам прэзыдэнта ад 1 сакавіка рэстаранам, кавярням і барам катэгорыяў «люкс», вышэйшай і першай катэгорыі дазволена ўсталёўваць свабодныя цэны.

На іх прыходзіцца 13% ад агульнай колькасьці прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня. Прадстаўнікі бізнэс-колаў, рэстаратары лічаць гэтыя захады палавіністымі і прапануюць наагул адмяніць дзяржаўнае рэгуляваньне ў гэтай галіне.

Нацэначную катэгорыю «люкс» і вышэйшую ў Беларусі маюць толькі 57 аб’ектаў грамадзкага харчаваньня з амаль 11 тысяч (палова працэнта), першую — 1413 (12,3%). Натуральна, гаспадары гэтых рэстарацый успрынялі дакумэнт з надзеяй. Вядомы сталічны рэстаратар, уладальнік «News cafe» і «Grand cafe» Вадзім Пракоп’еў кажа:

«Паслабленьні любыя дапамогуць. Галоўнае — быць пасьлядоўным. Я спадзяюся, гэта не апошняе паслабленьне. Я, да прыкладу, гэтую сьцяну прабіваю ўжо гадамі. Галіну трэба адпускаць. Таму што яна дастаткова канкурэнтная, прыватная. І прыватнікі самі ў ёй ледзь-ледзь выжываюць. Таму няма сэнсу жорстка рэгуляваць. Хоць з вялікім спазьненьнем, але лепш, чым ніколі».

Старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін перакананы, што адпускаць цэны найперш трэба ў найбольш масавай, другой катэгорыі:

«Ну што такое рэстарацыі вышэйшай і першай катэгорыі? Гэта самая малая частка рэстараннага бізнэсу. І якраз тут Міністэрства гандлю, якое дыктуе цэнавую палітыку, дало паслабленьне. Рэстараны хочуць мець свабоду ў цэнаўтварэньні. Самая масавая катэгорыя — гэта якраз другая катэгорыя. Так што гэта зусім неістотнае паслабленьне для тых, у каго і так элітная публіка, далёка ня масавая».

Другая нацэначная катэгорыя — гэта больш даступныя, больш дэмакратычныя кавярні, бары, закусачныя, буфеты, аб’екты хуткага харчаваньня, летнія кафэ — больш за дзьве траціны ад усіх. Старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў кажа:

«Другая нацэначная катэгорыя — самая масавая. Да яе адносіцца 60-70% прадпрыемстваў. Яны так і засталіся зь дзяржаўным цэнавым рэгуляваньнем. Сёньня памылку разумеюць некаторыя ва ўрадзе, але толькі 1 сакавіка падпісалі адзін ўказ. Хто пойдзе і скажа, што зроблена памылка, і, да прыкладу, 30 сакавіка трэба падпісваць чарговы ўказ і другую нацэначную катэгорыю таксама вызваляць?»

Начальнік Упраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Ігар Лагоцька запэўніў, што чыноўнікі разумеюць, што ўказ не вырашае ўсіх праблемаў, кошты трэба адпускаць. А што да падзелу прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня на катэгорыі, спадар Лагоцька распавёў:

«Хутка будзе адменены падзел на катэгорыі. Я асабіста з гэтым ня згодны, бо ў першую чаргу — прыбытак, выгада. Проста гаспадары рэстарацыяў ня будуць зацікаўленыя ўкладаць сродкі ў інтэр’ер, у асноўныя сродкі. Трэба, каб усё не скацілася да ўзроўню элемэнтарных сталовак. Паглядзім, як будзе. Але свабоду, канечне, трэба даваць».

Рэстарацыі знаходзяцца ў цалках рынкавых умовах, перакананы уладальнік сеткі рэстарацыяў Вадзім Пракоп’еў:

Калі ў рэстарацыі няма гасьцей, і вы прызначылі сабе вышэйшую катэгорыю, вы зачыніцеся.«Калі ў рэстарацыі няма гасьцей, і вы прызначылі сабе вышэйшую катэгорыю, вы зачыніцеся. Вы распусьціце пэрсанал, вы проста пацерпіце фіяска. Калі вы прызначыце другую катэгорыю і будзеце прадаваць вельмі танна, але зробіце стыльны інтэр’ер і цэнтар гораду, у вас таксама нічога не атрымаецца. Дык пакіньце гэта рыначным законам: чым людзям рызыкаваць. Таму што рэстаранны бізнэс — адзін з самых рызыкоўных, прычым, гэта ня мае дачыненьня да постсавецкіх краінаў. Ён у прынцыпе паўсюль вельмі рызыкоўны».

І жыхары, і госьці Менску, турысты скардзяцца, што ў сталіцы бракуе ўтульных кавярняў, бараў, рэстарацый. Рэстаратары скардзяцца, што шмат сіл, часу займае праходжаньне вялікай колькасьці працэдур, узгадненьняў, дазволаў. Начальнік Упраўленьня спажывецкага рынку Менску Ігар Лагоцька так ацэньвае сытуацыю з рэстарацыямі і кавярнямі ў сталіцы:

«Гэта ня так шмат, але гэта і нямала: 24 пасадачныя месцы на тысячу. Узровень заробкаў, канечне, нам не дазваляе з рэстаранаў не вылазіць. Ды й мэнталітэт у заходніх краінах зусім іншы: жанчыны ў іх не такія працавітыя, як у нас, якія больш у хаце гатуюць. Дый ня так зараз радасна ва ўсім сьвеце ў гэтай сфэры: паглядзіце, у Маскве колькі рэстарацыяў зачынілася, у Нямеччыне, Францыі, Італіі... А ў нас, наадварот, расьце».

Сапраўды, рэстаратар Вадзім Пракоп’еў, уладальнік сталічнага «News cafe» літаральна днямі адкрыў новае «Grand cafе» і прызнаўся, што на чарзе яшчэ адна новая ўстанова на рагу Інтэрнацыянальнай і Раманаўскай Слабады:

«Я не какетнічаю. Гэта поўная авантура. Я цалкам перакананы, што Менску элегантныя рэстарацыі не патрэбныя. Акрамя таго, у мяне ня дорага, нягледзячы на агульнае меркаваньне на гэты кошт».

У дадзеным выпадку мы ня маем на ўвазе рэстарацыі Вадзіма Пракоп’ева. Але адзін менскі гурман вельмі трапна параўноўвае кошты ў дзьвюх суседніх сталіцах:

«Я магу ў Вільні прыйсьці і замовіць за 15 даляраў філе кенгуру альбо кракадзіла — гэта рэальныя кошты на такую экзотыку. У Менску я магу салат купіць за такую цану. Прычым, якасьць не гарантаваная».
Я магу ў Вільні прыйсьці і замовіць за 15 даляраў філе кенгуру альбо кракадзіла. У Менску я магу салат купіць за такую цану.
Агульнае меркаваньне, як ні дзіўна, яшчэ і ў тым, што калі кошты адпускаюць, яны адразу ж папаўзуць ўгару. Старшыня сталічнага Саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін з гэтым катэгарычна ня згодны:

«Не, гэта ня так. Калі адпускаюцца цэны, узьнікае канкурэнцыя. А суб’ект гаспадараньня можа манэўраваць. Да прыкладу, робіць днём танныя абеды, запаўняючы залі. А ўвечары дае залі для абслугоўваньня якіх-небудзь мерапрыемстваў, выкарыстоўваючы павышальныя каэфіцыенты. Выкарыстоўвае на сьняданкі паніжальныя каэфіцыенты. То бок гнуткасьць у працы на кліента».

Канкурэнцыя наагул вядзе да зьніжэньня коштаў: спажывец можа выбіраць, куды варта ісьці, а дзе моцна ўдарыць па кішэні.

Рэстаратары лічаць, што ёсьць яшчэ шмат фактараў, якія стрымліваюць разьвіцьцё рэстараннага бізнэсу ў краіне. Вадзім Пракоп’еў налічыў амаль два дзясяткі пунктаў. Адзін зь іх — абмежаваньне часу працы рэстарацый, якое народ трапна назваў «камэнданцкай гадзінай»:

«Мы церпім усё гэта, хаця і ў мэрыі, і шмат дзе чыноўнікі перакананыя, што ў сталіцы зачыняцца хаця б апоўначы ў цэнтры было б больш зручна, каб такой камэнданцкай гадзінай не патыхала. Гэта дрэнна, і для дзяржавы дрэнна. Не дапрацоўваецца ў апошнюю гадзіну шмат. Усё ж такі ў звычках беларусаў ёсьць пасьля адзінаццатай некуды зайсьці, выпіць і закусіць. Таму не дабіраюць і рэстарацыі, і дзяржава».

Наведнікі заўважаюць, што нацыянальных адметнасьцяў у беларускіх рэстарацыях вельмі мала. Адкрываюцца новыя ўстановы — у асноўным з заморскім кухнямі, нават з назовамі адпаведнымі: «Мая ангельская бабуля», «Бамбук», Alto Mare, Piaffer, James, Casa Agustin Lopes, Perfetto...

«Беларуская экзотыка — гэта калі бярэцца нейкая клясычная нацыянальная рэстарацыя іншай краіны, і гэта лічыцца экзотыкай. Раней ў Польшчы быў такі рэстаран, дзе на цябе могуць высыпаць сальнічку, выліць шклянку вады, нахаміць — гэта была фішка такая. У Празе ёсьць рэстараны, дзе двухлітровыя куфлі піва, у іншым бары — вялізныя шклянкі ў драўлянай абалонцы. Я ня ведаю ніводнага беларускага рэстарана, дзе ёсьць хоць нейкая фішка».

Навіна прадстаўленая інфармацыйна-прававым парталам "За Свабоду".net паводле: Радыё Свабода.

  Дадаць каментар

Імя: 
E-Mail: 
Каментар: 
Азначце код: 



9 лютага 2012
« 2012 г.
« Люты
ПнАўСрЧцПтСбНд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
272829    


Рознае:

Для вас open air фотосессия в Минске. Оставьте качественные фото на память о лете!

Щитовые дома, канадские каркасные дома в Москве. Производство и строительство современных каркасных домов.


Наша кнопка:



 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Галоўная | Актыўнасьць грамадзян | Філясофія нягвалту | Ведай свае правы | Рознае карыснае | RSS Навіны Беларусі | Падтрымка | Гасьцёўня
Copyright © 2006-2009 Беларусь: свабода, незалежнасьць і дэмакратыя ў Беларусі. ICQ: 307902; E-mail: info[@]zasvobodu.net. RSS feeds

wwjd.ru: Христианская поисковая система. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .