За Свабоду Той, хот ўжывае гвалт - прайграе!

Павал СЕВЯРЫНЕЦ: Перамога вераю!


Перамога вераю

Выбарчая кампанія 2006 года абяцае стаць вырашальнай для сёньняшняй Беларусі. Палітычныя рэпрэсіі, гістэрыя афіцыйных СМІ й падрыхтоўка чарговага "элегантнага сцэнару" выбараў усё больш востра ставяць перад грамадзтвам шэраг пытаньняў. Што рабіць, калі рэжым сфальсіфікуе вынікі галасавантня? Ці выйдуць беларусы на плошчу, як чэхі, сербы, грузіны, украінцы? Ці не прывядзе гэта да крывавых сутыкненьняў з рэжымам, гатовым на ўсё дзеля захаваньня ўлады? У рэшце рэшт, як перамагчы ў супрацьстаяньні з хлусьнёй, страхам, нянавісьцю і грубым гвалтам? Сваё меркаваньне выказвае Павал Севярынец, палітычны вязень, асуджаны да двух гадоў абмежаваньня волі за арганізацыю масавых пратэстаў супраць рэферэндума аб "трэцім тэрміне" Лукашэнкі. Зараз Павал Севярынец адбывае пакараньне на лесапавале ў вёсцы Малое Сітна на поўначы Беларусі.

Амап і "бронікі"

Калі 24 лістапада 2004 года, на трэці дзень пасьля прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне я прыехаў у Кіеў, памаранчавая рэвалюцыя была ўжо ў разгары. На Хрэшчатыку падыйшоў да дзяўчатаў, што раздавалі памаранчавыя стужкі. "О, вы зь Білорусі! - чапляючы стужку на бел-чырвона-белы значок, узрадавалася адна,- такіх прапорів на Майдане богато!"

У людзкім моры ледзь адшукаў маладафронтаўскія палаткі пад нацыянальнымі сьцягамі - больш пяцідзесяці нашых былі тут ад пачатку. Толькі пачаў вітацца, як перад намі ўзьнік адзін з украінскіх вулічных арганізатараў: "Сябры, ідзем браць прэзідэнцыю. Вы з намі?" "О-о, нарэшце!" - хлопцы аж падскоквалі ад радасьці. "Во трапіў, - адно пасьпеў падумаць я, - з параду - у бой".

Пакуль сярод грамадаў мітынговага люду мы ўздымаліся па кіеўскім бруку ад Хрышчатыку да Банкавай, дзе месьціцца рэзідэнцыя ўкраінскага прэзідэнта, украінцы тлумачылі: "Кучма й Януковіч чакаюць. Час і холад працуюць на іх. Браць трэба сёньня ж, пакуль людзі не пачалі разыходзіцца. Пара!"

Яны былі перакананыя, што на марозе Майдану надоўга ня хопіць.

Тысячы "памаранчавых" ужо атачылі рэзідэнцыю з усіх бакоў. За чыгуннай агароджай кардонамі ў 4-6 шэрагаў стаяў АМАП. Мітынгоўцаў прыбывала. Некаторыя гарачыя голавы ўжо сядзелі верхам на агароджы, размахваючы сьцягамі "Юшчанка так!" і скандуючы "Кучму - гэць!". Амапаўцы разгублена пераглядваліся і цісьліся адзін да аднаго.

- Зараз, хлопцы, - заклапочана распараджаўся наш праваднік, - зараз прынясуць бронікі і па загадзе - наперад!

- Што-што прынясуць?.. - зь нядобрым падазрэньнем перапытаў я.

- Бронежылеты, - спакойна патлумачыў ягоны паплечнік, - Там жа банды заселі. Гэтыя пойдуць да канца.

Ніколі ў жыцьці не забудуся гэтыя паўгадзіны - у лёгкае вятроўцы, на марозе, з кулакамі, сьціснутымі ад холаду, твар у твар са зьбялелымі амапаўцамі, з грымотамі воклічаў за сьпіной, у чаканьні бронікаў і загаду.

Але загад так і не прагучаў. Таму што ля рэзідэнцыі ўзьнікла Юля Цімашэнка. Яна пайшла на перамовы. Знутры з-за людзкога натоўпу не змаглі адчыніць браму - і тады ўкраінскую Жанну д'Арк перадалі на руках праз агароджу й амапаўскія каскі. Дэманстрацыя раўла, падтрымліваючы Юлю, але калі яна вярнулася, шматтысячная грамада аціхла так, што стала аж вусьцішна.

Ісьці на штурм нельга, казала Юля. У будынку - сотні ўзброеных людзей, гатовых страляць. Кучма і Януковіч думаюць, што адсядзяцца ў сваіх бярлогах пакуль народ сыдзе з Майдану. Але мы не сыдзем, гучна, каб чуў спецназ, абвясьціла Юля. Наш прэзідэнт, абраны народам, - Юшчанка! І мы абаронім свой выбар. Мы выстаім - мірна, але цьвёрда. Столькі, колькі трэба, каб гэты рэжым сышоў. Бо мы верым, знаем, можам!

Люд адказаў гулам - нам падалося, хутчэй расчараваным, чым ухвальным. Мы, беларусы, моўчкі пераглянуліся: колькі разоў мы ўжо чулі ад правадыроў заклікі чакаць... наперадзе была халодная ноч, у якой згасала рэха скандаваньняў ды радзела шматлюдзьдзе. І мы падумалі, што вось у гэты самы момант украінская рэвалюцыя правалілася.

Але менавіта ў гэты момант украінская рэвалюцыя перамагла.

Бо перамога адбываецца не тады, калі ўсе крычаць "Ура!" і эфектна ўскідваюць рукі, а ў тое балючае імгненьне, калі перамагаеш страх і няпэўнасьць у самім сабе, калі пераадольваеш уласную нянавісьць, слабасьць, спакусу і высілкам веры, вымогаю волі прымаеш рашэньне ўсё-такі здужаць.


Учора - Украіна, сёньня - Беларусь

Украінская памаранчавая рэвалюцыя - найбольш яркі ўзор і найбольш верагодны сцэнар для зьмены становішча ў Беларусі. "Грузінскі", "ліванскі", а тым больш "кірпскі" або "румынскі" варыянты і геаграфічна, і мэнтальна, і палітычна ад "беларускага" аддаленыя.

Украінцы і беларусы - народы роднасныя. Больш як паўтысячы гадоў жылі ў адной дзяржаве, выключна падобныя паводле гістарычнага досьведу і нацыянальнага характару. Сацыяльна-палітычныя працэсы пасьля развалу СССР ў іх разьвіваліся амаль аднолькава, арыентацыі ўлады і нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі ды стан грамадзтва практычна не розьніліся. І ў Беларусі, і ва Ўкраіне ў сярэдзіне 90-х дзяржаўнай уладай завалодалі постсавецкія аўтарытарныя рэжымы. І ў Беларусі, і ва Ўкраіне наменклатура захоплівала маёмасьць, закручвала гайкі і еарысталася падтрымкай Крамля. І ў Беларусі, і ва Ўкраіне патрыятычныя сілы, незалежныя СМІ і грамадзкая супольнасьць няўхільна выцясьнялася на ўзбочыну палітычнага жыцьця. Больш таго. Украінская апазіцыя, як і беларуская, дзесяць гадоў беспасьпяхова арганізоўвала вулічныя акцыі пратэстаў (людзей яны зьбіралі не больш, чым "менская вясна-96" ці маніфестацыі 2000года), выбарчыя кампаніі ва ўмовах дзяржаўных рэпрэсіяў ды прапагандовага ціску (якія нязьменна прайгравала) і бесперапынку сварылася.

Калі ж параўнаць сацыялагічныя лічбы нядаўніх кампаніяў 2004 года ў Беларусі і ва Ўкраіне, прыйдзем да высновы, што настроі супадаюць з дакладнасьцю да 1-2 адсоткаў. Мяркуйце самі: у "трэцім", вырашальным туры прэзідэнцкіх выбараў 2004 году ва Ўкраіне Юшчанка атрымаў 52 адсоткі. Увосень таго ж 2004 году на рэферэндуме аб "трэцім тэрміне"( лічы, тых жа прэзідэнцкіх выбарах), паводле Гэлапа, за лукашэнку прагаласавалі 48 адсоткаў. Выходзіць, роўна 52 адсоткі тым ці іншым чынам выказаліся супраць. У кіеве Юшчанка атрымаў 72 адсоткі галасоў. У Менску на рэферэндуме, паводле экзіт-полаў ды незалежных сацыёлагаў, Лукашэнкуа набраў усяго 30,5 адсоткі галасоў. Выходзіць, што ў беларускай сталіцы дэмакратычныя сілы могуць разьлічваць на тыя ж 70 адсоткаў. Патэнцыял кіеўскага Майдану!

Зараз аналітыкі, як і напярэдадні украінскіх выбараў, прызнаюць па ўсёй краіне рэальны расклад галасоў блізкі да 50/50.

Ва ўсе часы й у любых дзяржавах у гэтай сітуацыі выйграваў той, хто больш верыў у сваю перамогу.

Так, многія заўважаюць, што рэжым Кучмы быў больш мяккі за лукашанкаўскі (хаця ўкраінскія разгоны вулічных маніфестацый па жорсткасьці не саступалі беларускім, гэтак жа зьнікалі людзі, а палітычных крымінальных справаў там было нават больш, чым у нас), што апазыцыя мела доступ да парляменцкай трыбуны й СМІ (хаця супольнымі высілкамі дзяржавы і алігархаў украінскія сацыял-дэмакраты былі фактычна загнаныя ў інфармацыйнае гета, як і ў нас), што Кучма лавіраваў між захадам і Ўсходам (хаця лукашэнкаўскія манеры "а вось зараз як разьвярнуся на Захад!.." Кучму капіявалі, хіба ўто ў больш рэзкай форме)... І ўсё ж ані праславуты нафта-газпрамаўскі "эканамічны ўздым", на які спадзяваўся Януковіч і якім так казырае зараз БТ, ані падтрымка Крамля - дарэчы, ва украіне куды больш яўная, чым тут! - ані моцны рэпрэсіўны апарат рэжым Кучмы - Януковіча не ўратавалі.

Да таго ж сёньняшняя беларуская сітуацыя ў параўнаньні з украінскай мае шэраг плюсаў. Па-першае, датэрміновыя прэзідэнцкія выбары паказваюць рэальную няўпэўненасьць і боязь рэжыму. Па-другое, беларуская ўлада, у адрозьненьні ад украінскай, прапануе ня новую асобу (пераемніка), што хаця б часткова можа задаволіць прыхільнікаў пераменаў, а старую, ад якой за 12 год усе ўжо і так стаміліся. Па-трэцяе, Беларусь не падзеленая гэтак рэзка, як Украіна, што выключае пагрозу распаду дзяржавы й грамадзянскае вайны. Па-чацвёртае, алігархія, лаяльная рэжыму - тут манаполія, што пэрсаніфікуе сацыяльнае ій палітычнае зло й істотна спрашчае задачы агітацыі. Па-пятае, украінскія выбары прысьпелі на лістапад-сьнежань, што не спрыяла разгортваньню майдана, а ў Беларусі "выбарны" сакавік традыцыйна гарачы і, бадай, нацыянальна афарбаваны месяц. Вясна, усе студэнты, прадпрымальнікі, рабочыя на месцы.Па-шостае, сам Лукашэнка яшчэ на пачатку свайго прэзідэнцтва абмовіўся :"Я прыйшоў на 12 гадоў". Якраз час! Нарэшце, па-сёмае, ужываючы жорсткія прэвентыўныя меры (перакрыцьцё каналаў дастаўкі незалежных СМІ, прапагандысцкая навала, папрраўкі ў Крымінальны Кодэкс) рэжым яўна разьлічвае на дэмаралізацыю апанентаў і пачынае сьвяткаваць "элегантную перамогу" яшчэ за два месяцы да дня выбараў. Гэта аўтаматычна расслабляе і наменклатуру, і лукашэнкаўскі электарат - чаго напружвацца, калі "і так усё ясна". А вось дэмакратычным сілам адступаць больш няма куды. Выйсьце толькі адно: перамагаць.

Адным з самых уражлівых урокаў украінскага 2004 году зьяўляецца тое, што ані назіральнікі, ані абываталі, ані большасьць дзеячаў апазіцыі напярэдадні выбараў ніяк не чакалі, што абараняць свой выбар выйдзе столькі людзей. Але ж тыя, хто ў гэта верыў - Юшчанка, Цімашэнка й украінская моладзь - сваёй вераю мабілізавалі мільёны.

Пакуль што сярод беларускіх прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва-2006 пра веру ў перамогу й гатовасьць адстойваць выбар народу кажа адзіны Аляксандар Мілінкевіч. І гэтым ён усё больш нагадвае ціхага харыхматыка Юшчанку.

Беларусі засталося толькі паверыць.


Той, хто ўжывае гвалт - прайграе

Усе феномены эўрапейскіх "аксамітных рэвалюцыяў" канца ХХ - пачатку ХХІ стагоддзяў маюць адну надзвычай важную вызначальную рысу: вулічныя пратэсты былі падкрэсьлена мірнымі. Перамогі чэхаў, палякаў, усходніх немцаў, вугорцаў, прыбалтаў над камуністычнай сістэмайабо славакаў, сербаў, грузінаў, украінцаў над постсавецкімі дыктатурамі задумваліся, арганізоўваліся й ажыцьцяўляліся як прынцыпова негвалтоўныя.

Здавалася б, рэжымы валодаюць непараўнальна большымі - мільённымі! - сіламі, чым тыя сто, ды хай сабе й трыста тысячаў бяззбройных дэманстрантаў. Першыя пратэсты і ў польшчы, і ў Чэхіі, і ў Сербіі груба падаўляліся. І ўсё-такі дэмакратыя перамагла. Цуд? Воля Божая? Вера народа? Так, так і яшчэ раз так! Тым жа часам спробы гвалтоўнага змаганьня з сыстэмай правальваліся або вялі толькі да зьмены аднаго рэжыму на іншы - у Вугоршчыне ў 1956-м, Румыніі 1989-га ці Альбаніі 1997-га.

Гвалт адштурхоўвае і эліту, і абываталя. Гвалт разбурае падтрымку большасьці, галоўнае апірышча дэмакратыі. Гвалт абясцэньвае самі мэты пераменаў. Важна разумець: глыбінныя асновы перамогі дэмакратыі - вера, а ня страх, воля, а не прымус, любоў, а не нянавісьць, і, у канчатковым выніку - свабода, а ня гвалт. Менавіта ў супрацьстаяньні духоўных каштоўнасьцяў (а не фізычных велічыняў) і вырашаецца зыход эпічных бітваў паміж дэмакратыяй і таталітарызмам для цэлых нацыяў і краінаў. Крывавыя рэвалюцыі праграмуюць разьвіцьцё падзеяў у адпаведнасьці зь няўмольнай лёгікай жалеза й болю.

Як напісана ў Эвангельлі, "Усе, што возьмуць меч, ад мяча і загінуць" (Мацьвея, 26:52).

Уся 1000-гадовая гісторыя Беларусі пацьвярджае гэтыя прарочыя словы. Беларусь заўжды перамагала ня зброяй, а вераю й духам. Спробы адваяваць незалежнасьць усе апошнія стагодзьдзі - паўстаньні Касьцюшкі, Ясінскага, Каліноўскага, случчакоў, партызанка Вітушкі й Рагулі - цярпелі паразы. Адраджэньне пачатку ХХ ст. і здабыцьцё незалежнасьці 1991-га ажыцьцявілася ў выніку нязбройных выступаў, а шырокага асьветніцтва, духовага ўздыму й мірных дэманстрацыяў.

Красамоўны прыклад апошняга дзесяцігодзьдзя. Вулічныя выступы беларускага нацыянальнага руху ў сярэдзіне 90-х, паводле зьвестак НІСЭПД, падтрымлівалі звыш 40% несельніцтва і да 70% моладзі. Але калі 17 кастрычніка 1999 г. "Марш Свабоды" паддаўся на правакацыю ўладаў і ператварыўся ў масавае шпурляньне камянёў ды жудаснае пабоішча - яго ацанілі станоўча толькі 17% жыхароў Беларусі і 20% моладзі. 56% насельніцтва і 45% моладзі паставіліся да "каменяпаду" адмоўна. Уся апазыцыя на бліжэйшыя некалькі гадоў набыла імідж разбуральнае сілы. Калі мы хочам здабыць падтрымку большасьці беларусаў - нашыя акцыі мусяць быць наколькі больш шматлікімі, настолькі ж больш мірнымі. Яскравымі. Творчымі!

Узор - ізноў жа, Майдан. Ані кроплі крыві! Яркі, прыгожы, канцэртавы, сьпеўны і, урэшце, малітоўны.

Вера ў перамогу, вера ў перамены нечувана мацнее - тады, калі лідэры й удзельнікі гатовыя хутчэй ахвяраваць сабою, чым сарвацца ў бойку, дзе ўжо цяжка адрозьніць, на чыім баку праўда.

Так, сіла ў праўдзе, брат.

А вось у сіле праўды няма.

Ісус Хрыстос, учалавечаны Бог, Які меў у Сваім распараджэньні ўсе магчымыя сілы, зьдзейсьніў галоўную ў сусьветнай гісторыі перамогу над нянавісьцю й хлусьнёй мірнай пропаведзьдзю, верай і ўласнай Ахвярай. Без прымусу. Бяз зброі. Бяз гвалту.

На сваім полі - у абшары страху ды вайны - д'ябал і бязбожны рэжым непераможныя. Але поле свабоды, любові, веры й міру - гэта Божая тэрыторыя, дзе зло непазьбежна церпіць крах.

Беларусь мусіць пачуць ясны заклік да перамогі бяз гвалту - такі, які зрабіла Юля Цімашэнка ля агароджы рэзыдэнцыі Кучмы.

"Свабода прыйдзе за адну ноч і без адзінага стрэлу" - гэтае прароцтва для Беларусі, абвешчанае вядомым хрысьціянскім прапаведнікам Дэвідам Ўілкерсанам, беларускія пратэстанты сёньня перадаюць з вуснаў у вусны. "За адну ноч..." Магчыма, гэта якраз ноч зь 19 на 20 сакавіка 2006 г.?

Дэмакратыя - гэта большасьць

Дэмакратыя (паводле вядомага выслоўя, далёка не ідэальны дзяржаўны лад, але ж лепшы з усіх вынайдзеных чалавецтвам) у сваёй сутнасьці ёсьць уладай большасьці. Таму і пытаньне пераменаў у краіне, дзе пакуль усё вырашае адзін чалавек, можа быць толькі пытаньнем большасьці.

У апошнія гады, паводле ўсіх сацыялягічных апытаньняў (як ня дзіўна, у тым ліку і афіцыйных) у Беларусі прыхільнікі самое дэмакратыі, незалежнасьці, рынкавай эканомікі, эўрапейскіх каштоўнасьцяў складаюць большасьць. Большасьць беларусаў лічыць, што з суседзямі трэба жыць у міры, а не сварыцца, як гэта робіць Лукашэнка. Большасьць беларусаў лічыць, што краіна разьвіваецца ў няправільным кірунку. Большасьць беларусаў лічыць, што трэба абіраць новага прэзыдэнта. Праўда, адначасова тая ж большасьць выказваецца за саюз з Расеяй, супраць NATO й лічыць, што прэзыдэнцкія выбары Лукашэнка выйграе.

У чым прычына гэткага парадаксальнага мысьленьня? У эфэкце, які характарызуе няпэўную сьвядомасьць так званага "электаральнага балота": "куды усе, туды і я". Увогуле, для беларусаў - як, можа, ні для якой іншай эўрапейскай нацыі - ключавое дэмакратычнае слова "большасьць" адыгрывае проста магічную ролю. Для вельмі многіх беларусаў "думка большасьці" аўтаматычна робіцца іх асабістым меркаваньнем. Рэжым, выкарыстоўваючы СМІ, маніпулятыўную прапаганду й адміністрацыйны ціск, пераконвае нявызначаных, якія адначасова зьяўляюцца прыхільнікамі дэмакратыі, незалежнасьці й пераменаў: "Большасьць за "ўсенароднаабранага!"

У выніку сапраўдная большасьць ня верыць у тое, што яна ёсьць большасьцю.

Кажучы проста, беларускі народ вось ужо каторы год такім чынам дураць.

Таму наша галоўная задача - надаць большасьці веры ў тое, што яна большасьць.


Як гэта робіцца?

Першае, што патрэбна для дэмакратычнае перамогі - ідэнтыфікацыя большасьці: дакладнае вызначэньне тае большасьці (ці нават, матэматычна кажучы, сумы большасьцяў - "незалежніцкай", "рынкавай", "антылукашэнкаўскай" і г.д.), якая імкнецца да зьменаў.

Другі крок - лякалізацыя большасьці. Трэба выявіць і зафіксаваць нашу большасьць у асяродках, сацыяльных групах, узростах, рэгіёнах. Напрыклад, "большасьць студэнтаў - за Мілінкевіча", "большасьць у нашым двары (вёсцы, мястэчку, раёне) - супраць Лукашэнкі", і да т.п. Просты прыклад: у выніку невялікага праймэрыз (таемнага папярэдняга галасаваньня) у Алешчы сярод рабочага люду Лукашэнка атрымаў усяго 10% галасоў, а Мілінкевіч - 70%. Цяпер перакананьне "Большасьць - за Мілінкевіча" робіцца фактам сьвядомасьці ва ўсёй вёсцы.

Крок трэці, найбольш працаёмісты - мабілізацыя большасьці: заклік да большасьці ўдзельнічаць у выбарчае кампаніі, галасаваньні за адзінага кандыдата, акцыях падтрымкі і, у выпадку фальсыфікацыяў, пратэсту. Прычым з паўсюдным падкрэсьліваньнем: "Разам нас большасьць!"

На піку кампаніі мабілізацыі адбываецца візуалізацыя большасьці. Большасьці трэба наглядна паказаць, што яна большасьць! Ва Ўкраіне гэта зрабілі проста: усе, хто за Юшчанку - "аранжавыя". Навокал такіх было відавочна больш, чым "сініх".

Нарэшце, пасьпяховая візуалізацыя ператвараецца ў трыюмфальную маніфэстацыю большасьці, якая, адстойваючы вынікі рэальнага галасаваньня, мірным і канстытуцыйным шляхам дамагаецца перамогі большасьці.

Вось што такое дэмакратыя паводле Божых прынцыпаў. Хрысьціянская дэмакратыя.


Шлях Хрэшчатыку

Цуды ў нацыянальных маштабах здараюцца тады, калі большасьць народа пачынае верыць. Украінскі майдан трымаўся на верніках Хрэшчатыку. Менавіта сотні намётаў, пастаўленых моладзьдзю на галоўнай вуліцы Кіева, сталіся назломным стрыжнем і непераадольнай лініяй абароны Аранжавай рэвалюцыі. Майдан то зьбіраўся, то разбрыдаўся; спаў уначы й пусьцеў, калі людзі сыходзілі да ўрадавых будынкаў - але Хрэшчатык стаяў на варце рэвалюцыі бесперапынку ўсе два месяцы. Хрэшчатык, быццам хрыбет, вынес асноўны цяжар начных дзяжурстваў, мабілізацыі, арганізацыі харчаваньня для ўсяго Майдану - і калі ўжо лідэры гатовыя былі ісьці на саступкі ды кампрамісы з рэжымам, прымушаў іх стаяць на сваім да канца.

Памятаю падлеткаў, якія ночы напралёт дзяжурылі па пэрымэтры намётавага мястэчка - сьняжынкі на весьніцах ужо ня таялі, але яны стаялі. Памятаю кіеўскіх бацькоў і мацярок, што прывозілі дзецям на Майдан усё, ад гарачых піражкоў да абутку, і забіралі адаграваць дахаты "сініх" шахцёраў, прывезеных у сталіцу і кінутых Януковічам. Памятаю старога, што трымаўся за тронку сьцяга быццам за лесьвіцу ў неба - і апантана са сьлязьмі на вачох сьпяваў украінскі гімн… Гэта быў Хрэшчатык 2004 года ад нараджэньня Хрыстовага.

Ёсьць выразны сымбаль у тым, што легендарны Хрэшчатык, якім 1000 гадоў таму Ўладзімер павёў народ да Хрыста, адыграў станавую ролю ва ўкраінскае духовае рэвалюцыі. Але калі тады народ ішоў да веры паводле княскага загаду - тут, праз тысячагодзьдзе, украінскія хрысьціяне ішлі да Боскае праўды насуперак гвалту дзяржавы. І вось Хрэшчатык, на якім тады пачалося абуджэньне ўсяе Ўсходняе Эўропы, робіцца аранжавым маяком для Расеі, Беларусі, Румыніі, Малдовы, Азэрбайджана, нават Ізраіля… Хрост, ачышчэньне й адкупленьне грахоў для новага жыцьця - наймагутнейшы вобраз для таго, што адбылося на берагах Дняпра паўтара гады таму.

Трэба было бачыць, як штораніцы пачыналіся ў Кіеве аранжавыя мітынгі. З малітвы. Сьвятары ўсіх канфэсіяў на сцэне, сотні тысячаў людзей здымаюць шапкі, жагнаюцца, моляцца, хто як умее… Трэба было бачыць, колькі вуніяцкіх белых з чырвоным крыжам сьцягоў, праваслаўных сьвятарскіх рызаў, аранжавых транспарантаў з рыбкаў (пратэстанцкіх сымбаляў Ісуса), колькі малітоўных намётаў было на Хрэшчатыку й колькі гарачых пропаведзяў са сцэны натхняла Майдан!.. Трэба было чуць лідэраў - Юшчанку, Цімашэнку, Кастэнку якія абвяшчалі на ўвесь сьвет: "Мы - хрысьціянскі народ! Нас - большасьць! Мы верым, а значыць - пераможам!"

Так, хрост цэлае нацыі - справа ня толькі захапляючая, але і балючая. Пасьля перамогі, адчуваньня прысутнасьці Божай, цудоўнай успышкі прасьвятленьня прыходзіць усьведамленьне ўласнае грахоўнасьці й недасканаласьці - тое, што мы назіраем у палітычным жыцьці Ўкраіны сёньня. Нацыя ўзяла ня толькі ўладу, але і свой крыж. І ўсё-такі гэты крыж - знак ня столькі пакутаў, колькі адкупленьня, будучага ўваскрашэньня і, у рэшце рэшт, перамогі.

Нацыя, якая прайшла крыжовым шляхам Хрэшчатыку, перамагла. Бо, паводле словаў Эвангельля, "перамога, якая перамагае сьвет - вера нашая" (1 Яна, 5:4).

Дзе ж ён, беларускі Хрэшчатык? Можа, на плошчы Волі з такой сымбалічнай назвай, дзе стаяць галоўныя беларускія храмы - і праваслаўны Сьвята-Духаў сабор, і Архікатэдральны касьцёл Панны Марыі? Можа, на Кастрычніцкай, на пачатку дарог Беларусі, дзе пяцьдзясят гадоў таму зруйнавалі велізарны помнік Сталіну? Можа, праспэкт Скарыны, названы ў гонар найвялікшага беларускага прапаведніка Слова Божага, які даў нам трэцюю ў сьвеце друкаваную Біблію на жывой мове народа?..


Вірю. Знаю. Можемо!

Калі мне ўпершыню трапіў на вочы знакаміты мабілізацыйны лёзунг Майдану, у мяне ўстрапянулася сэрца. Веру. Ведаю. Можам! Здавалася б, нічога канкрэтнага. Ніякага абяцаньня выгодаў, не "фабрыкі - рабочым!", не "зямлю - сялянам!" і нават ня "Кучму гэть!". Нешта адстароненае. Але менавіта так была сфармуляваная вера ў перамогу. "Вірю. Знаю. Можемо!" Усё астатняе і так усе разумеюць. Як даўно мы ў Беларусі ня чулі нічога падобнага - а як ужо 12 гадоў хочацца пачуць!

Вера, настолькі моцная, што ператвараецца ў веданьне, і гэтая сіла духу, гэтая сканцэнтраваная воля выбухае апошнім: Можам!

Менавіта гэта сказала Юля Цімашэнка ў вырашальны момант Аранжавай рэвалюцыі ля агароджы рэзыдэнцыі Кучмы. Менавіта гэта пачулі людзі на Хрэшчатыку і на Майдане. Нягледзячы на страх, доўгае чаканьне, халады, яны паверылі. Пазналі. І змаглі.

Сэрбы, грузіны, украінцы - народы хрысьціянскія. (Дарэчы, сымптаматычна - як і беларусаў, іх традыцыйна лічаць праваслаўнымі). На піку вырашальнае кампаніі, на гістарычным пераломе з самых глыбіняў масавае сьвядомасьці, у самых патаемных генэтычных кодах у іх спрацаваў момант веры.

Ці было штосьці падобнае ў Беларусі?

Праблісквала. У 1988-м, калі выбухнулі Курапаты, Дзяды і разгарнуўся Беларускі Народны Фронт. У 1991-м, калі 100 тысячаў менскіх рабочых пад бел-чырвона-белымі сьцягамі выйшлі на плошчу перад Домам Ураду. У 1994-м, калі мільёны беларусаў паверылі малавядомаму дырэктару саўгасу. Увесну 1996-га, калі ад гэтага ж дырэктара саўгасу давялося абараняць незалежнасьць і выходзіць на 50-тысячны Чарнобыльскі Шлях. І за апошнія гады - на шматтысячных шэсьцях 2000-га, у Курапацкае варце 2001-га, у Ліцэі 2002-га, на пахаваньні Быкава ў 2003-м, пасьля рэфэрэндуму на Кастрычніцкай плошчы ў 2004-м, у жодзінскай галадоўцы студэнтаў-маладафронтаўцаў...

Дагэтуль усе пробліскі гасьлі. Не хапае духу. Не ставала веры. Маўчала большасьць. Збочвалі лідэры.

Але зараз - вырашальны момант.

Болей трываць немагчыма. Хопіць.

Беларусы!

Веру. Ведаю. Можам!


Дух перамогі

Вера - самае важнае вымярэньне кампаніі за перамены. Бо сапраўдныя падзеі творацца ў душах і на нябёсах - на зямлі яны толькі разгортваюцца і прыводзяць да заканамерных вынікаў. Якім чынам ажыцьцяўляюцца "аксамітныя рэвалюцыі" - і ў сэрцы асобнага чалавека, і ў духу ўсяе нацыі? Што мусіць перажыць сьвядомасьць грамадзтва, якое імкнецца карэнна зьмяніць сваё быцьцё?

У чалавеу, абуджаным вераю, пачынаюцца незваротныя працэсы ўдасканальваньня. Ён літаральна ў некалькіх азарэньнях спазнае сьвятасьць Божага і грахоўнасьць чалавечага. Новае жыцьцё мяняе ўсю яго сутнасьць. Думкі, словы і справы пачынаюць набываць сэнс, мудрасьць і гармонію звышнатуральнага парадку. Вера зьдзяйсьняе ў душы пераварот. Зь вераю таюць неадольныя комплексы й заганныя стэрэатыпы. Зь верай зьнікаюць раздражненьні і псыхі, нэрвовыя стрэсы й невыносныя страхі. Зь верай выветрываецца зьнясіленая сумятня і зьяўляецца новая, паўная волі й любові спакойная сіла. Гэта фантастычна, але ў веры ты сканцэнтраваны, як электрычны зарад, досьвед будучага жыцьця.

Зразумела, што толькі з такімі пераменамі ў нас зьяўляецца шанец атрымаць грамадзтва, грунтаванае не на фізыялягічных рэфлексах ці псыхалягічных маніпуляцыях, а на жывой, паўсюднай і поўнай адданасьці дабру, справядлівасьці й салідарнасьці. Грамадзтва, якое глыбока засвоіла стагодзьдзямі адшліфаваныя каштоўнасьці хрысьціянскае этыкі й маралі, дае найбольш спрыяльны клімат для разьвіцьця пасьпяховае эканомікі, разбудоўваньня эфэктыўнае дзяржавы, культываваньня рэальнае дэмакратыі.

У нацыі, якая перажывае крызіс дзяржаўнасьці, упадак эліты й крах маралі, застаюцца толькі два варыянты: "быць" або "ня быць". Менавіта ў такіх экстрэмальных сытуацыях праяўляецца характар нацыі, і ў яе мэнталітэце зьдзяйсьняюцца сапраўдныя перамены. І калі мы выбіраем "быць" - для нас настае час веры. Дзень пакаяньня. Эпоха супольнае малітвы - урачыстае, у храмах, сямейнае, у хаце, сьпеўнае, на плошчах.

Некалькі вернікаў-пратэстантаў, якія наведвалі мяне ў Малым Сітне, распавялі, што ў шэрагу менскіх цэркваў хрысьціяне ўжо ўсталявалі адмысловы пост і малітву за зьмену становішча ў Беларусі - штопятніцы. Далучыўшыся да гэтага чыну, заклікаю і праваслаўных, і каталікоў, і грэка-каталікоў, і пратэстантаў усіх дэнамінацыяў да НАЦЫЯНАЛЬНАГА ПОСТУ І МАЛІТВЫ ЗА ПЕРАМЕНЫ Ў БЕЛАРУСІ - КОЖНУЮ ПЯТНІЦУ.

Бог усё бачыць. І калі мы хочам пераменаў настолькі моцна, што просім у Бога цуда - пачынайма з выяўленьня веры!

19 сакавіка 2006 г. будзе для Беларусі вялікім выпрабаваньнем веры. Бо, як напісана ў Эвангельлі паводле Мацьвея, 9:29: "Паводле веры вашай будзе вам".
угару




Надвор'е:

 

Рознае:

сумки, сумки


 

Галоўная | Актыўнасьць грамадзян | Філясофія нягвалту | Ведай свае правы | Рознае карыснае | RSS Навіны Беларусі | Падтрымка | Гасьцёўня
Copyright © 2006-2008 Свабода, незалежнасьць, дэмакратыя ў Беларусі. ICQ: 307902; E-mail: info[@]zasvobodu.net.